Шматдзетных бацькоў у Беларусі вызваляць ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу
16 жніўня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Ад прызыву на тэрміновую ваенную службу вызваляць бацькоў, якія выхоўваюць траіх дзяцей, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта прадугледжана Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады.
"У сферы павелічэння нараджальнасці стаўка зроблена не толькі на традыцыйныя меры, але і на новыя стымулы, - падкрэсліў Пётр Грушнік. - Гэта ўвядзенне льготнага крэдытавання працэдуры экстракарпаральнага апладнення для сямейных пар, якія пакутуюць бясплоддзем (сёння такіх пар каля 14-15%), развіццё сістэмы сацыяльнага патранату для сем'яў з дзецьмі-інвалідамі і шэраг іншых".
Краіна ўваходзіць у перыяд скарачэння колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, адзначыў першы намеснік міністра. Да 2015 года сумарная колькасць жанчын ва ўзросце 15-49 гадоў зменшыцца больш чым на 168 тыс. чалавек. "У гэтых умовах акцэнт палітыкі ў сферы стымулявання нараджальнасці павінен быць зрушаны ў бок сем'яў, якія хочуць мець больш аднаго дзіцяці, - сказаў Пётр Грушнік. - Сёння гэта наш асноўны рэзерв павышэння нараджальнасці, і надзвычай важна яго не ўпусціць".
Для дасягнення гэтай мэты праграмай прадугледжаны набор стымулаў - пачынаючы ад даступнасці жылля да магчымасці жанчыне самой выбіраць, сядзець ці дома з дзіцем ці ісці працаваць. Калі сям'я пры нараджэнні другога, трэцяга дзіцяці зможа захаваць звыклы лад жыцця і ўзровень дабрабыту, то гэта будзе лепшым стымулам да росту сем'яў, рэзюмаваў першы намеснік міністра.-0-