Ад праграм дыстанцыйнага кантролю для ЖКГ да робата – студэнты ВГТУ рэалізуюць самыя амбіцыйныя праекты

Больш за 85 працэнтаў студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта актыўна займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю.

Студэнты ўніверсітэта Вадзім Падліпскаў, Іван Духовіч, Уладзімір Туманаў і Арцём Самусеў прышлі ў гурток інфармацыйных тэхналогій і аўтаматызацыі і адразу паставілі перад сабой цалкам канкрэтную, хоць і амбіцыйную задачу – стаць добрымі праграмістамі. Наўрад ці тады хлопцы ўяўлялі, што наперадзе іх чакаюць такія поспехі, пра якія даведаецца ўся Беларусь. Пачыналі з выканання работ, якія тычацца ўнутраных задач, а таксама старонніх заказчыкаў, напрыклад, распрацоўвалі праграмнае забеспячэнне, сістэмы дыстанцыйнага кантролю для ЖКГ. Калі даведаліся пра тое, што можна прыняць удзел у рэспубліканскім этапе конкурсу прафесійнага майстэрства III WorldSkills Belarus, вырашылі, што абавязкова павінны выступіць у двух напрамках – «Мехатроніка» і «Мабільная робататэхніка». Тым больш, для гэтага было ўсё неабходнае: спецыяльныя веды, атрыманыя падчас навучальнага працэсу і заняткаў у гуртку, вопыт удзелу ў падобных спаборніцтвах старэйшых таварышаў, якія і сталі экспертамі двух арыгінальных праектаў.

- У 2016 годзе нашы студэнты даволі паспяхова выступілі на II WorldSkills Belarus, -- распавёў кіраўнік гуртка дацэнт кафедры інфармацыйных сістэм і аўтаматызацыі вытворчасці Андрэй Навуменка.

- Але 2018 год сапраўды стаў зорным часам для гурткоўцаў. Вадзім Падліпскоў і Іван Духовіч пад кіраўніцтвам эксперта Алега Замжыцкага прадставілі на рэспубліканскім этапе робата, які можа маніпуляваць кантэйнерамі, знаходзіць іх, пераносіць з месца на месца і, па сутнасці, з'яўляецца рухомым камп'ютарам. Частку яго дэталяў студэнты вырабілі самі з дапамогай 3D-прынтара ў Тэхнапарку ВГТУ. Робат уразіў журы сваімі магчымасцямі, аўтарам была прысуджана залаты медаль. Уладзімір Туманаў і Арцём Самусеў пад кіраўніцтвам эксперта Ягора Чарнова, выступаючы ў кампетэнцыі «Мехатроніка», паспяхова справіліся з заданнем па зборцы паменшанай копіі станцыі, якая сартуе дэталі па колеры, складзе, а затым накіроўвае іх у працоўную зону, і заваявалі сярэбраны медаль. Але ўдзельнікі чэмпіянату не адпачываюць на лаўрах, а актыўна рыхтуюцца да новых выступленняў. Яны ўвайшлі ў зборную рэспублікі, цяпер разглядаецца пытанне аб іх выступленні на міжнародным этапе чэмпіянату прафесійнага майстэрства, які будзе праходзіць у наступным годзе ў Расійскай Федэрацыі ў Казані. 30 студзеня – Дзень беларускай навукі – хлопцы сустрэнуць на адборачнай трэніроўцы ў Мінску.

- Хачу адзначыць, што маладыя людзі, якія пачынаюць сваю навуковую кар'еру са студэнцкай лавы, атрымліваюць поўную і ўсебаковую падтрымку як на ўзроўні дзяржавы, так і на ўзроўні ўніверсітэта, -- працягнуў размову загадчык кафедры інфармацыйных сістэм і аўтаматызацыі вытворчасці, кандыдат тэхнічных навук Вадзім Казакоў. -- Пасля першага ўдзелу ў чэмпіянаце WorldSkills Belarus грошы на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гуртка былі выдзелены са Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што ў далейшым дазволіла дамагчыся яшчэ больш уражлівых вынікаў. У канцы мінулага года падалі заяўку ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў на выдзяленне сродкаў для далейшага развіцця гуртка. Студэнты У. Туманаў, А. Самусеў, І. Духовіч прадстаўлены на ўключэнне ў прэзідэнцкі фонд адоранай моладзі. Іван Духовіч таксама вылучаны ад універсітэта для занясення на гарадскую Дошку Гонару. Рэктар ВГТУ – прафесар, доктар тэхнічных навук Андрэй Кузняцоў -- не толькі асабіста з'яўляецца кіраўніком розных навуковых праектаў, але і ўсебакова падтрымлівае ініцыятыву, накіраваную на развіццё маладзёжнай навукі. Штогод з пазабюджэтных сродкаў універсітэта выдзяляюцца гранты для выканання студэнцкіх навукова-даследчых работ. І вельмі многія выкладчыкі ВНУ – цяперашнія дацэнты, прафесары – некалі пачыналі менавіта са студэнцкіх навуковых гурткоў. Дарэчы, іх зараз ва ўніверсітэце 28. Правільна кажуць, што ў навуцы няма пратораных дарог. Але вось зрабіць па іх першыя ўпэўненыя крокі можна і ў раннім юнацтве, выкарыстоўваючы для гэтага магчымасці, якія прадастаўляюцца моладзі ў нашай дзяржаве. 

"Віцьбічы".