«Ад усёй душы»: абласная арганізацыя «Белая Русь» далучылася да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі

Абласная арганізацыя РГА «Белая Русь» далучылася да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі для людзей пажылога ўзросту «Ад усёй душы», ініцыяванай Прэзідэнтам Беларусі.

Мэта акцыі — атуліць клопатам і ўвагай прадстаўнікоў старэйшага пакалення, дапамагчы і падтрымаць у побыце. Спрыяць больш цесным зносінам паміж пенсіянерамі і моладдзю, якія дазволяць развівацца грамадству, не забываючы пра павагу да старэйшых, любоў да Радзімы і іншыя традыцыйныя каштоўнасці.

Сёння ў рамках «Ад усёй душы» кіраўніцтва Віцебшчыны, абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» і УП «Віцебскаблгаз», шараговыя члены грамадскага аб'яднання наведалі Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.

— Рад, што падобныя сустрэчы цікавыя розным пакаленням беларусаў, у тым ліку школьнікам, выклікаюць шквал пазітыўных эмоцый, — сказаў кіраўнік абласной арганізацыі РГА «Белая Русь», старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў. — Пажылыя людзі, асабліва ветэраны вайны, — залаты фонд нацыі. Кожны з іх варты самых цёплых слоў. Дай Бог ім моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця!

Натуральна, госці прыехалі не з пустымі рукамі: уручылі ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі пражываючым і персаналу дома-інтэрната, у тым ліку сертыфікаты на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

"Віцебскія весці"