«Ад усёй душы»: у Максімаўскім доме-інтэрнаце ўшанавалі ветэранаў працы
З падарункамі і віншаваннямі да іх, у глыбінку Гарадоцкага раёна, прыехалі старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Барыс Ефрэмаў, прадстаўнікі раённай улады. Словы падзякі за шматгадовую добрасумленную працу ва ўстанове, для работнікаў якой важны такія чалавечыя якасці, як дабрыня, цярпенне, чуласць, прагучалі ў адрас 15 былых і цяперашніх «максімаўцаў». Нягледзячы на тое, што ўсе яны дасягнулі пенсійнага ўзросту, частка з іх працягвае працаваць. Як, да прыкладу, медсястра Святлана Шунько.
– У доме-інтэрнаце я працую ўжо 43 гады, – паведамляе Святлана. – Памятаю, калі ён размяшчаўся яшчэ ў драўляных дамках уздоўж вясковай вуліцы. Але і тады быў запатрабаваны, у ім пражывала больш за 400 чалавек.
За чаяпіццем ветэраны ўспаміналі гістарычныя вехі, у прыватнасці, будаўніцтва тыпавога будынка. З уводам яго ў эксплуатацыю ў 1991 годзе працаваць і жыць у ім стала значна камфортней. І наогул: сваякі пражываючых у «максімаўцы» адзначаюць яе асаблівую, амаль хатнюю, атмасферу.
Калектыў, у асноўным, склаўся з жыхароў навакольных вёсак, многія працуюць сем'ямі, маладыя ідуць па слядах бацькоў, так утвараюцца дынастыі.
Сапраўдная падзея для ўсіх датычных да дома-інтэрната – капітальны рамонт, які ідзе ў цяперашні час. Чакаецца і рэканструкцыя будынкаў, якія за сваю бытнасць бачылі толькі касметычныя рамонты. Ветэраны ўпэўнены: гэта дапаможа ўмацаванню станоўчага іміджу ўстановы. Таму, акрамя асабістых прэзентаў ад адміністрацыі, іх парадаваў падарунак, уручаны Барысам Ефрэмавым: сертыфікат на суму 2 тыс. рублёў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.