Адбор беларускіх удзельнікаў на «Славянскі базар» трэба праводзіць значна раней — Р.Бас

1 чэрвеня, Мінск /Жанна Катлярова - БЕЛТА/. Падход да адбору і падрыхтоўкі беларускіх удзельнікаў на міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" трэба прынцыпова змяніць. Такое меркаванне выказаў сёння на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" – дырэктар дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Толькі дзве дзяржавы, арганізатары "Славянскага базару" Беларусь і Расія, штогод ладзяць адборы сваіх прадстаўнікоў на конкурс маладых выканаўцаў. У астатніх краін-удзельніц існуе свайго роду чарга, дзякуючы якой артыст ужо за 3-4 гады ведае, што яму трэба будзе выступіць на конкурсе маладых выканаўцаў "Віцебск". З-за кастынгу, які праводзіцца за некалькі месяцаў да конкурсу, у беларускіх удзельнікаў застаецца зусім мала часу, літаральна два месяцы, на падрыхтоўку: запіс кампазіцый і іх аранжыроўку, пашыў касцюмаў. На думку Радзівона Баса, адбор трэба было б праводзіць загадзя. У сёлетнім конкурсе возьмуць удзел выканаўцы з 19 краін. -0-