Адборачныя туры на дзіцячы і дарослы конкурсы да «Славянскага базару-2018» прайшлі ў Віцебску

Отборочные туры на детский и взрослый конкурсы к «Славянскому базару-2018» прошли в Витебске
Віцебск даў старт нацыянальным адборам да XXVII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск –2018» і XVI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу, якія праходзяць у рамках «Славянскага базару».

У творчым спаборніцтве, якое праходзіла ў Цэнтры культуры «Віцебск», прынялі ўдзел прадстаўнікі розных рэгіёнаў Віцебшчыны.

Найбольшую актыўнасць праявіў Віцебск, з якога паспаборнічаць у вакальным майстэрстве прыйшлі тры юных таленты і шэсць дарослых. З Навалукомля прыехалі самыя маленькія выканаўцы: сямі і дзевяці гадоў.

Астатнім у гэтай узроставай катэгорыі было па 10-11.

Дарослая ж група была прадстаўлена ўдзельнікамі ад 17 да 27 гадоў. Зрэшты, узрост не меў ніякага значэння для ацэнкі адборачнай камісіі, якую ўзначальвала дырэктар абласной філармоніі Алена Подоляк.

Галоўным было паказаць свае вакальныя даныя і артыстычныя здольнасці і пераканаць усіх членаў журы, што менавіта ты варты прадстаўляць Беларусь на міжнародным конкурсе. А вырашалі, хто пройдзе ў фінал, спецыялісты ў сферы эстрады, прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі і дырэкцыі фестывалю.

У складзе журы была і папулярная спявачка, наша зямлячка Ларыса Грыбалёва, якой, напэўна, больш за іншых было зразумела хваляванне ўдзельнікаў перад выхадам на сцэну. Усе канкурсанты прадстаўлялі па дзве кампазіцыі, адна з якіх была на беларускай мове.

На жаль, пакуль ні адзін наш зямляк не выходзіў на конкурсную сцэну «Славянскага базару», але, як адзначыў дырэктар форуму Аляксандр Сідоранка, хто ведае, магчыма, гэта адбудзецца ў будучыні.

Апошнія гады беларускія выканаўцы з іншых рэгіёнаў краіны паказваюць добрыя вынікі. І варта за іх парадавацца і старацца таксама вырошчваць таленты.

Аляксандр Пятровіч заўважыў, што Беларусь па адборачных турах сёлета апярэдзіла Лацінская Амерыка. Гэты кантынент пасля трыумфу Радрыга дэ ла Кадэны на «Славянскім базары», які ў 2014 годзе ўвёз Гран-пры ў Мексіку, увесь час прысылае на фестываль сваіх выканаўцаў. У 2018-м, магчыма, упершыню ў конкурсе будзе прадстаўнік Калумбіі.

– Пераможцы міжнародных конкурсаў не губляюцца, мы іх запрашаем на фестываль у якасці членаў журы, гасцей. А многія становяцца не толькі папулярызатарамі «Славянскага базару», але і арганізатарамі адбораў у сваіх краінах. У выніку на конкурс прыязджаюць больш моцныя выканаўцы, – падкрэсліў Аляксандр Сідарэнка і дадаў, што каля 15 краін заявілі, што будуць праводзіць адборачныя туры. Сярод іх Латвія, Літва, Эстонія, Расія, Ізраіль, Сербія, Мальта.

Дырэктар форуму прыадкрыў заслону «Славянскага базару – 2018». Аляксандр Сідарэнка не назваў канкрэтных прозвішчаў, паколькі канчатковыя дамовы не падпісаны, але адзначыў, што ў Віцебск прыедуць вядомыя і маладыя выканаўцы з розных краін.

Захаваецца шматжанравасць фестывалю, будуць развівацца такія праекты, як фест вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», Лялечны квартал, фест-пікнік, якому летась крыху перашкодзіла дажджлівае надвор'е. Асобна будуць прадстаўлены канцэрты майстроў розных краін свету, зараз вядуцца перамовы на гэту тэму з Малдовай, Казахстанам, Ізраілем.

Пасля Віцебска адборачныя туры пройдуць у іншых абласных цэнтрах, у выніку якіх у фінал выйдуць па 10 прадстаўнікоў ад кожнага рэгіёна. Першымі ў гэты спіс трапілі нашы выканаўцы. Ці ўвойдзе хтосьці з іх у лік конкурсантаў «Славянскага базару», стане ясна ў сакавіку 2018 года.

"Віцебскія весці".