Адборы на конкурсы «Славянскага базару» пройдуць 4 снежня ў Віцебску

У цэнтры культуры "Віцебск" 4 снежня пройдуць рэгіянальныя адборы да XXX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2021" і XIX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2021", паведамілі ва ўстанове культуры.

Удзельнікі конкурсных праслухоўванняў прадставяць па дзве кампазіцыі. Дзеці праспяваюць эстрадную песню беларускага аўтара на беларускай мове, а таксама песню, якая найбольш ярка адлюстроўвае іх выканаўчае майстэрства і артыстычныя здольнасці. Дарослым трэба будзе выступіць з эстраднай песняй кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў, а таксама выканаць папулярную кампазіцыю на замежнай мове (сусветны хіт).

Пераможцы нацыянальнага адбору прадставяць Беларусь у вакальных конкурсах юбілейнага XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Першы этап адборачных тураў стартаваў 12 лістапада ў Гомельскай вобласці, завершыцца ён 11 снежня ў Брэсцкай вобласці. Для ўдзелу ў другім этапе журы абярэ ад усіх рэгіёнаў і Мінска па пяць удзельнікаў у кожнай узроставай катэгорыі.

БелТА.