Аддзяленне для рэабілітацыі маладых інвалідаў-калясачнікаў упершыню створана ў Віцебскай вобласці

10 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі маладых інвалідаў створана на базе Віцебскага абласнога тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання ветэранаў і інвалідаў, расказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Лешчынскі. Аддзяленні кругласутачнага знаходжання прызначаны для аказання дапамогі інвалідам-калясачнікам і інвалідам па зроку. Для іх створаны ўмовы для бесперашкоднага перамяшчэння, абсталяваны спецыяльныя класы, кабінеты, трэнажорныя залы. Па словах Міхаіла Лешчынскага, пераважную групу складаюць маладыя людзі, якім інваліднасць устаноўлена ўпершыню. Яны востра маюць патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе, і ім даецца магчымасць па інтэграцыі ў сацыум. Першыя 400 пацыентаў з усіх рэгіёнаў вобласці праходзяць курс рэабілітацыі. У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання на ўліку стаяць каля 4 тыс. маладых інвалідаў. Для іх ствараюцца аддзяленні дзённага знаходжання, дзе арганізавана іх навучанне працоўным навыкам, аказваецца карэкцыйная дапамога. Пакуль у вобласці працуюць 6 аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў, аднак да канца года яны будуць створаны пры ўсіх тэрытарыяльных цэнтрах. У вобласці атрымліваюць развіццё працоўныя майстэрні, дзе інваліды займаюцца пасільнай працай. Напрыклад, пры Глыбокскім тэрытарыяльным цэнтры працуюць цяпліцы па вырошчванні расады, сталярныя і швейныя вырабы вучацца рабіць і вырабляюць выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання пры Верхнядзвінскім цэнтры. На арганізацыю гэтай работы накіраваны сродкі прэзідэнцкай праграмы "Дзеці Беларусі" ў памеры Br679,1 млн., а таксама сродкі мясцовых бюджэтаў і дабрачынных арганізацый.-0-