Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Гарадоцкага раёна адсвяткавала наваселле

У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, кіраўніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама і прадстаўнікі мясцовай улады.

— Людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў нашай дзяржаве надаецца асаблівая ўвага, у тым ліку тым, хто пражывае ў раёнах, — сказаў Уладзімір Уладзіміравіч. — Аддзяленні дзённага знаходжання для многіх інвалідаў — адзінае месца, дзе яны могуць навучыцца навыкам, неабходным для паўнавартаснага жыцця ў сацыуме. Таму ўмовы ў іх павінны быць як мага лепшымі.

Дырэктар ТЦСАН Святлана Ардзяка правяла для гасцей экскурсію па аб'екце, які размясціўся ў адрамантаваным будынку ў цэнтры Гарадка. Будынак агульнай плошчай звыш 340 кв. м бязвыплатна перадаў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Пасля рэканструкцыі там з'явіліся сучасныя памяшканні для рэабілітацыйных працоўных майстэрняў, пакой адпачынку, зона рэлаксацыі і міні-трэнажорная зала, а на прылеглай тэрыторыі — агарод з цяпліцай. Асаблівая ўвага была нададзена забяспечанасці аддзялення элементамі безбар'ернага асяроддзя, у прыватнасці пандусам, тактыльнай пліткай, поручнямі і шыльдамі з назвамі кабінетаў, дубляванымі шрыфтам Брайля.

— На рамонт патрацілі 34 тыс. руб. пазабюджэтных сродкаў і 6 тыс. руб. са сродкаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, — паведаміла Святлана Уладзіміраўна. — Дзякуй за падтрымку мясцовым уладам, прадпрыемствам і арганізацыям раёна. Напрыклад, райвыканкам прадаставіў нам лесвічны гусенічны пад'ёмнік, СТАА «Ланатэкс» — шматфункцыянальны трэнажор, цэнтр утылізацыі авіяцыйных сродкаў паражэння — тэнісны стол.

***

Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Гарадоцкага раёна было створана ў снежні 2013 года. Сёння яго на пастаяннай аснове наведваюць 62 чалавекі, у тым ліку 23 — з інваліднасцю І групы і адзін непаўналетні. У аддзяленні працуюць 20 гурткоў рознай накіраванасці, чатыры працоўныя майстэрні і чатыры клубы па інтарэсах. Дапамогу ў арганізацыі вольнага часу і развіцці творчага патэнцыялу людзей з абмежаванымі магчымасцямі работнікам цэнтра аказваюць 13 валанцёраў.

"Віцебскія весці"