Аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў адкрылася сёння ў Браславе

3 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны сёння прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў пры Браслаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, расказала карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама Ніна Пучынская. Гэта першае такое аддзяленне ў райцэнтры, прызначанае дапамагчы ў сацыялізацыі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. У раёне больш за 1 тыс. інвалідаў, і многія з іх маюць патрэбу не толькі ў медыцынскай дапамозе, але і ў сяброўскай падтрымцы, падкрэсліла Ніна Пучынская. Паводле яе слоў, ветэраны высока ацанілі работу раённых улад па арганізацыі дапамогі інвалідам і выказалі зацікаўленасць у тым, каб супрацоўнічаць з аддзяленнем і аказваць яму пасільную дапамогу. У святочныя дні браслаўцаў чакае яшчэ адно наваселле: 4 ліпеня свае дзверы расчыніць абноўлены раённы ЗАГС, які гатовы пазмагацца па сваім дызайне са сталічнымі заламі. Характэрна, што першай зарэгіструе свой шлюб інтэрнацыянальная пара - латыш і беларуска. Дзень Незалежнасці Беларусі ў Браславе, як і ва ўсіх райцэнтрах вобласці, праходзіць пад знакам памяці аб загінуўшых, праслаўлення подзвігу абаронцаў Радзімы і веры ў моцную, квітнеючую краіну. У раёне пражывае 91 ветэран і інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Усім ім былі ўручаны медалі "65 год вызвалення Беларусі" і каштоўныя падарункі ад райвыканкама.-0-