Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей адкрыецца 3 снежня ў Гарадоцкім раёне
2 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў адкрыецца 3 снежня ў Гарадоцкім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) Гарадоцкага раёна Наталля Бераснева.
Рашэнне аб стварэнні аддзялення на базе былой бальніцы ў вёсцы Смалоўка было прынята летась. На яго рамонт і аснашчэнне з мясцовага бюджэту выдзелена Br285 млн. Спонсарскую дапамогу на набыццё неабходнай мэблі, тэхнікі і абсталявання ў памеры Br15,6 млн. аказала міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб'яднанне "Сафія" і на Br4,5 млн. - прадпрыемствы і арганізацыі Гарадоцкага раёна.
Жаданне пасяліцца ў новым аддзяленні на міжсезонны перыяд ужо выказалі 20 пажылых жыхароў раёна, якія пражываюць у аддаленых і малазаселеных вёсках. Сем з іх ужо заўтра прымуць удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця аб'екта. Астатнія пастаяльцы засяліцца ў бліжэйшы час па меры праходжання медкамісіі. Усяго аддзяленне разлічана на адначасовае знаходжанне 30 чалавек. Догляд за пажылымі людзьмі будуць ажыццяўляць 10 штатных супрацоўнікаў, а таксама работнікі фельчарска-акушэрскага пункта, размешчанага ў гэтым жа будынку.
Аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў Смалоўцы стане другім аб'ектам у Гарадоцкім раёне, які спецыялізуецца на аказанні дапамогі і рэгулярнага догляду за адзінокімі пажылымі людзьмі, адзначыла Наталля Бераснева. Для адзінокіх пенсіянераў і інвалідаў у Гарадку дзейнічае спецыяльны жылы дом, дзе ў цяперашні час пражываюць больш за 80 чалавек. Неабходнасць далейшага развіцця гэтай сістэмы ў раёне будзе разгледжана па выніках работы і запатрабаванасці аддзялення ў 2010-2011 годзе.
Як паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, усяго ў Віцебскай вобласці пры 27 ТЦСАН створана 18 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання, у якіх знаходзяцца каля 570 чалавек. Аддзяленні кругласутачнага знаходжання можна аднесці да дамоў-інтэрнатаў малой умяшчальнасці, у кожным з якіх у сярэднім пражываюць па 30 чалавек. Яны максімальна набліжаны да месца пастаяннага пражывання, а ўмовы побыту - да хатніх. Выдаткі на абслугоўванне аднаго чалавека ў такіх аб'ектах у 2 разы менш, чым у дамах-інтэрнатах вялікай умяшчальнасці. "Гэта прагрэсіўная форма сацыяльнага абслугоўвання, таму відавочна, што яе неабходна развіваць і далей", - падкрэслілі ў аблвыканкаме.
Для аказання дапамогі адзінокім і адзінока пражываючым грамадзянам вобласці прымяняюцца і іншыя метады. Так, сацыяльнае абслугоўванне на даму атрымліваюць 12,5 тыс. пажылых людзей і інвалідаў. Імкліва расце колькасць атрымальнікаў дапамог па доглядзе за інвалідамі I групы або асобамі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту. У цяперашні час іх налічваецца ўжо 6,3 тыс. чалавек (у 2008 годзе - 3,4 тыс., 2009-м - 5,4 тыс.). Атрымальнікамі гэтага віду дапамогі абслугоўваюцца больш за 7 тыс. грамадзян. У 15 дамах-інтэрнатах рэгіёну сацыяльную дапамогу атрымліваюць каля 3,5 тыс. чалавек.-0-