Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей адкрыецца ў кастрычніку ў Гарадоцкім раёне
20 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў адкрыецца ў кастрычніку ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) Гарадоцкага раёна Наталля Бераснева.
Рашэнне аб стварэнні аддзялення на базе былой бальніцы ў вёсцы Смалоўка было прынята летась. На яго рамонт і ўкамплектаванне з мясцовага бюджэту накіравана Br190 млн. Жаданне пасяліцца ў аддзяленні на міжсезонны перыяд ужо выказалі 20 пажылых жыхароў раёна, якія пражываюць у аддаленых і малазаселеных вёсках. Усяго ж тут адначасова змогуць знаходзіцца 30 чалавек. Догляд за імі будуць ажыццяўляць 10 штатных супрацоўнікаў, а таксама работнікі фельчарска-акушэрскага пункта, размешчанага ў гэтым жа будынку.
Адкрыццё аддзялення кругласутачнага знаходжання накіравана на аказанне дапамогі і рэгулярнага догляду за адзінокімі пажылымі людзьмі, адзначыла Наталля Бераснева, дадаўшы, што для адзінокіх пенсіянераў і інвалідаў у Гарадку функцыянуе спецыяльны жылы дом, дзе ў цяперашні час пражываюць 86 чалавек. Неабходнасць далейшага развіцця дадзенай сістэмы ў раёне будзе разгледжана па выніках працы аддзялення ў 2010-2011 годзе.
Усяго ў Віцебскай вобласці пры 27 ТЦСАН дзейнічае 16 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання, у якіх знаходзяцца больш за 500 чалавек. Апошняе з іх было адкрыта ў красавіку ў Сенненскім раёне.-0-