Аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых адкрыюцца ў 2010 годзе ў Гарадоцкім і Лёзненскім раёнах
15 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Аддзяленні кругласутачнага знаходжання для адзінокіх пажылых людзей адкрыюцца ў 2010 годзе ў Гарадоцкім і Лёзненскім раёнах Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Лешчынскі сёння на рэспубліканскім семінары ў Віцебску па вывучэнні вопыту работы ветэранскіх арганізацый з рознымі структурамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў Міхаіл Лешчынскі, гэтая форма аказання дапамогі адзінокім пажылым людзям, ветэранам і інвалідам найбольш запатрабавана ў рэгіёне і даказала сваю эфектыўнасць. У прыватнасці, пажылыя людзі, якія маюць патрэбу ў пастаяннай дапамозе, больш ахвотна накіроўваюцца ў такія ўстановы, калі яны ствараюцца на іх малой радзіме. Акрамя таго, падобная форма работы дазваляе эканоміць дзяржаўныя сродкі і наблізіць даступнасць дапамогі, бо часам сацыяльнаму работніку даводзіцца праехаць да дзесяці кіламетраў, каб дабрацца да свайго падапечнага, падкрэсліў кіраўнік.
У цяперашні час у 27 тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання вобласці функцыянуюць 14 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання на 447 месцаў. Яшчэ адно адкрылася днямі ў пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна, ужо вядзецца яго засяленне. Да канца гэтага года такое ж аддзяленне плануецца ўвесці ў строй у вёсцы Багданава Сенненскага раёна.
Касаючыся іншых форм аказання дапамогі ветэранам, Міхаіл Лешчынскі адзначыў, што значная ўвага ў рэгіёне надаецца вырашэнню сацыяльна-бытавых пытанняў. Так, з 2004 года сацыяльнае жыллё атрымалі 372 інваліды і ўдзельнікі вайны, за першае паўгоддзе гэтага года - 18 чалавек. У цяперашні час на чарзе па паляпшэнні жыллёвых умоў стаяць 29 ветэранаў ВАВ. Цалкам вырашаны пытанні тэлефанізацыі дамоў і кватэр асоб гэтай катэгорыі.
Запатрабаванай формай сацыяльнага абслугоўвання з'яўляецца прадастаўленне сацыяльных паслуг на даму. У цяперашні час ёю ахоплена 12,5 тыс. пажылых людзей, з іх 805 ветэраны і члены сем'яў загінуўшых. Дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу на суму Br230,7 млн. у першым паўгоддзі атрымалі 1,1 тыс. адзінокіх пенсіянераў і інвалідаў.
Па апошніх дадзеных, у вобласці пражываюць звыш 7 тыс. ветэранаў ВАВ, 760 членаў сем'яў загінуўшых, амаль 10,4 тыс. былых вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Рэспубліканскі семінар, прысвечаны пытанням узаемадзеяння ветэранскіх арганізацый з рознымі грамадскімі аб'яднаннямі, органамі мясцовай улады, прафсаюзамі, праходзіць у Віцебску 15-16 верасня. На прыкладзе знаёмства з Віцебскім абласным тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання ветэранаў і інвалідаў, аграгарадком "Пальмінка" і камбінатам "Паўночны" Гарадоцкага раёна ўдзельнікі мерапрыемства вывучаюць перадавыя формы работы ў гэтым напрамку і магчымасці аказання сацыяльнай дапамогі ветэранам.-0-