Аддзяленні прафілактыкі дэменцыі з'явяцца ва ўсіх дамах-інтэрнатах Віцебскай вобласці
Аддзяленні прафілактыкі дэменцыі з'явяцца ў кожнай стацыянарнай сацыяльнай установе Віцебскай вобласці да канца 2016 года, паведаміла начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка.
"У чэрвені мы пачалі рэалізоўваць у Віцебскай вобласці праект па прафілактыцы дэменцыі сярод пажылых грамадзян. Робім гэта ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж нашым камітэтам, РГА "Беларускае рэспубліканскае геранталагічнае грамадскае аб'яднанне" і маскоўскім Навукова-даследчым медыцынскім цэнтрам "Геранталогія". Гэта новы напрамак у нашай краіне. А самым першым установай, дзе з'явілася аддзяленне прафілактыкі дэменцыі, стаў Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Аналагічныя аддзяленні да канца года з'явяцца ва ўсіх стацыянарных сацустановах для гэтай катэгорыі", - адзначыла Вера Астапенка.
З ростам колькасці пажылога насельніцтва актуалізуецца і праблема старэчай дэменцыі. Каб адсунуць тэрмін прагрэсавання хваробы, неабходныя спецыяльныя мерапрыемствы і комплексны догляд. Таму для прафілактыкі ў стацыянарных установах будзе стварацца асаблівае асяроддзе з тэматычным афармленнем, якое вяртае пажылых людзей у мінулае, актывізуе працу памяці. Таксама будуць працаваць метадычныя кабінеты з выкарыстаннем перадавога айчыннага і замежнага вопыту. Падрыхтоўка спецыялістаў для такой асаблівай прафілактычнай дзейнасці ўжо пачалася. Больш за сто чалавек прайшлі спецыяльны курс, складзены вучонымі і спецыялістамі Віцебскага медуніверсітэта і цэнтра "Геранталогія". Гэта загадчыкі аддзяленнямі сацыяльнай дапамогі на доме, аддзяленнямі дзённага знаходжання для пажылых і кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў, а таксама цэлыя брыгады работнікаў з дамоў-інтэрнатаў. Выніковы семінар адбыўся 24 чэрвеня ў Віцебску. А 4 ліпеня праз навучальны семінар пройдуць 25 дырэктараў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з усяго рэгіёну. Такім чынам, прафілактыкай дэменцыі будуць займацца не толькі ў
дамах-інтэрнатах, а па ўсіх напрамках працы сацыяльных службаў. Кожнага пажылога чалавека пратэстуюць на прыкметы захворвання, каб вызначыць схільнасць або, калі хвароба ўжо наступіла, стадыю захворвання. На аснове гэтага можна будзе скласці мадэль прафілактыкі, каб затармазіць праяўленне старэчай дэменцыі.
Кацярына Князева - БЕЛТА.