Адпачынак у аграэкасядзібах Віцебскай вобласці зноў набірае папулярнасць у замежнікаў

У 2018 годзе аграсядзібы Віцебскай вобласці наведала звыш 42 тыс. замежнікаў, што на 27% перавышае паказчык 2017-га.

Павялічылася не толькі колькасць турыстаў, але і геаграфія краін, чые жыхары выбралі для адпачынку Беларускае Паазер'е, паведамілі ў прэс-цэнтры абласной падатковай інспекцыі. Акрамя расіян, аграсядзібы Віцебскай вобласці наведалі грамадзяне 34 краін, у тым ліку немцы, ізраільцяне, іранцы, мексіканцы, бразільцы, амерыканцы і паўднёваафрыканцы.

Самыя папулярныя напрамкі — Браслаўскі (пабывала звыш 9 тыс. замежнікаў), Глыбоцкі (5,2 тыс.) і Пастаўскі раёны (3,9 тыс.).

Па дадзеных на 1 студзеня 2019 года, у Віцебскай вобласці зарэгістравана каля 600 аграсядзіб, або чвэрць ад агульнай колькасці ў Беларусі. У мінулым годзе дзейнасць ажыццяўлялі 480 з іх, выручыўшы звыш 3,5 млн руб.

"Віцебскія весці".