Айчынныя мясавытворцы прайшлі праверку якасці ў сувязі з забаронамі на пастаўку ў Расію. Сярод іх і прадпрыемствы Віцебшчыны
Інфармацыя, звязаная з пастаўкамі ў Расію нібыта не якаснай мяса з Беларусі, у апошні час хвалюе грамадскасць з зайздроснай рэгулярнасцю.
Яшчэ свежыя ва ўспамінах забароны Рассельгаснагляду на ўвоз прадукцыі Аршанскага мясакамбіната па прычыне выяўлення расійскімі спецыялістамі ў мясных вырабах геному віруса АЧС, як 26 лістапада ў чорны спіс трапілі яшчэ некалькі беларускіх прадпрыемстваў. Сярод іх найбуйнейшыя прыдзвінскія вытворцы – ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» і «Віцебскі мясакамбінат».
У той жа час варта адзначыць, што яшчэ ў кастрычніку Дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі было ініцыявана правядзенне адпаведнага расследавання. Тады ў ведамстве заявілі, што эпізаатычная сітуацыя на свінагадоўчых аб'ектах рэспублікі па афрыканскай чуме свіней дабрабытная і не выклікае ніякіх падазрэнняў. Акрамя таго, абласныя ветлабараторыі і Беларускі дзяржаўны ветэрынарны цэнтр праводзяць лабараторны маніторынг на выяўленне віруса АЧС ад кожнай партыі свіней, забітых на мясакамбінатах.
Лістападаўская забарона прынята Рассельгаснаглядам у сувязі з выяўленнем у прадукцыі беларускіх кампаній нібыта небяспечных для здароўя мікраарганізмаў. Аднак нашы спецыялісты ў абарону якасці айчыннай прадукцыі прыводзяць аргументаваныя довады. Як паведамляе БелТА, Беларускі дзяржаўны ветэрынарны цэнтр з 30 кастрычніка па 20 лістапада даследаваў больш за 1,2 тыс. проб на АЧС, у 100% выпадкаў вынік адмоўны. Па словах дырэктара ўстановы Аляксандра Аксянова, да таго ж у цяперашні час у Беларусі дзейнічае нацыянальная праграма кантролю за рэшткавай колькасцю шкодных рэчываў (антыбіётыкі, гармоны і інш.).
«Што тычыцца камбінатаў, да якіх расійскі бок выставіў прэтэнзіі, яны таксама ў нас правяраліся. Тыя шкодныя рэчывы, якія выявілі расіяне, нашы даследаванні не паказалі», – падкрэсліў ён.Кажучы пра дакладнасць даследаванняў, Аляксандр Аксяноў адзначыў, што два тыдні таму цэнтр наведвала місія Еўрапейскага саюза па кантролі за рэшткавай колькасцю шкодных рэчываў.
«Па нашай лабараторыі заўваг не было», – сказаў дырэктар.Алена Сыс, "Віцебскія весці"