Айчынны інвестар будзе асвойваць "Космас" у Наваполацку

Былы кінатэатр "Космас" у Наваполацку будзе рэканструяваны і перакваліфікаваны пад аўтасэрвісны цэнтр. Пра гэта стала вядома сёння па выніках аўкцыёну, арганізаванага фондам "Віцебскаблмаёмасць", на якім нерухомасць набыў айчынны інвестар за Br29,7 тыс., паведамілі ў фондзе.

Новым уласнікам будынка культурна-выставачнага комплексу, які пуставаў больш за 10 гадоў, стала ТАА "Віцебскаўтасіці" з абласнога цэнтра. Па словах дырэктара кампаніі Андрэя Бейбулатава, абноўлены аб'ект з новым функцыянальным прызначэннем плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да канца 2018 года. Ён стане адзіным спецыялізаваным гандлёва-сэрвісным аўтацэнтрам у горадзе нафтавікоў. На пачатковым этапе аб'ём інвестыцый можа скласці не менш за $300 тыс. У аўтацэнтры будзе створана некалькі сертыфікаваных шоу-румаў, дзе будзе аказвацца поўны комплекс паслуг, даступны аўтааматарам у аналагічным віцебскім цэнтры, у тым ліку магчымасць гарантыйнага і постгарантыйнага фірменнага сэрвісу аўтамабіляў. Будынак былога кінатэатра выстаўляўся на таргі з устанаўленнем пачатковай цаны продажу 2 БВ (базавая велічыня цяпер складае Br23).

Зацікаўленасць у аб'екце праявілі два ўдзельнікі, а пераможца вызначыўся на 60-м кроку аўкцыёніста, калі цана перавысіла пачатковую амаль у 650 разоў. Выручаныя ад продажу нерухомасці грошы паступяць у бюджэт Наваполацка. У склад лота былі ўключаны двухпавярховы будынак 1962 года пабудовы плошчай звыш 1,2 тыс. кв.м, а таксама права арэнды на 30 гадоў зямельнага ўчастка у 0,23 га.

БЕЛТА. Фота з адкрытых крыніц.