Гасцініцы і гатэлі Віцебска: да прыёму зорных гасцей гатовыя
— Мы заўсёды рады гасцям гэтай маштабнай падзеі для Віцебшчыны. У нас будзе пражываць мозг фестывалю — яго галоўны рэжысёр Сяргей Пятроў, прадзюсары, вядучыя. З артыстаў, да прыкладу, спыніцца Тамара Гвердцытэлі. Дарэчы, спявачка з Грузіі загадзя заявіла арганізатарам, што аддае перавагу правесці час менавіта ў «Эрыдане». Таксама ў гатэль у ліку першых засяліцца Надзея Кадышава, джазавы дырыжор Анатоль Крол і іншыя музыкі, — расказаў дырэктар ЗАТ «Гатэль «Эрыдан» Аляксандр Хадосаў.
Дарэчы, «Эрыдан» адзіны ў Віцебску ўваходзіць у сетку гатэляў BestEasternHotels. Ён мае катэгорыю «тры зоркі». Свой статус у чарговы, чацвёрты раз ён пацвердзіў зусім нядаўна — у чэрвені. Акрамя гэтага, сёлета Аляксандру Хадосаву прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны — 2018».
Новым знешнім абліччам можа пахваліцца «Віцебск гатэль» дзякуючы рэбрэндынгу.
— Работы, звязаныя са змяненнем брэнда, былі пачаты яшчэ летась, — расказаў дырэктар турысцка-гатэльнага комплексу Сяргей Лосеў. – Сёння для гасцініцы распрацаваны лагатып і стылістычнае афармленне ў спакойных, уласцівых гораду на Дзвіне танах – блакітным, сінім, шэрым. Таксама праведзена мадэрнізацыя вялікага крыла: заменены вокны, балконныя і ўваходныя дзверы. У 20 нумарах малога крыла ўстаноўлены новыя корпусная і мяккая мэбля, 19 тэлевізараў з ЖК-экранам «Віцязь». На адной з цэнтральных сцен гатэля з'явіўся 3D-малюнак старога і сучаснага Віцебска. Абнаўленне будзе працягвацца, каб адна з найстарэйшых гасцініц абласнога цэнтра, якой летась споўнілася 45 гадоў, набыла сучасны еўрапейскі выгляд.
Мадэрнізацыя з капітальным рамонтам чатырох паверхаў праведзена ў турысцка-гасцінічным комплексе «Лучоса». Як паведаміла начальнік бюро прыёму і размяшчэння Алена Сыч, у 64 нумарах з'явіліся новыя мэбля і тэхніка, пасцельная бялізна. У холе гасцініцы сёлета ўсталявалі вендынгавы апарат, каб усе ахвотныя змаглі набыць кубачак кавы ў любы момант. Дарэчы, усе 153 нумары «Лучосы» заняты гасцямі фестывалю.
У гасцініцы «Ветразь» ТАДАП «Віцебсктурыст» праведзены касметычны рамонт.
— У нас кожны год спыняюцца «Сябры», «Песняры» і іншыя артысты беларускай эстрады, — расказала начальнік службы і размяшчэння Святлана Сабелева. — Магу адзначыць, працуючы тут амаль чвэрць стагоддзя, што «Ветразь» у свой час прыйшоўся даспадобы групе «Іванушкі International», «НА-НА», Таццяне Буланавай, Патапу і Насці Каменскіх, Ягору Крыду, Максіму Галкіну і многім іншым. Сярод выканаўцаў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца тэматычныя нумары-студыі «Таямніца вялікага князя», дзе, напрыклад, двойчы пражываў Аляксандр Рыбак, «Мірскі замак», «Белы Ковель», нумары, аформленыя ў стылі розных краін, – «Рускі сувенір», «Венецыянская феерыя» і іншыя.