Адкрыццё 86-га сезона ў тэатры імя Я. Коласа ў Віцебску пройдзе з аншлагам
7 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску сёння спектаклем "Несцерка" адкрыецца 86-ы тэатральны сезон, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар тэатра Рыгор Шанько.
На віцебскай сцэне спектакль Віталя Вольскага, прэм'ера якога адбылася 18 мая 1941 года, дэманстраваўся больш за тысячу разоў і заўсёды цёпла прымаўся публікай. Цяперашні паказ таксама пройдзе з аншлагам. У галоўных ролях пастаноўкі заняты вядучыя артысты тэатра: Пётр Ламан, Ульяна Ацясава, Аляксандр Базук, Раіса Грыбовіч, Віктар Дашкевіч, Максім Коржыцкі, Валянцін Салаўёў і Валянцін Цветкаў.
Верасень будзе адзначаны для віцебскіх тэатралаў прэм'ерамі. Так, 14 і 24 верасня на камернай сцэне на суд гледачоў будзе прадстаўлены спектакль "Маленькi свет" Алёны Паповай у пастаноўцы Таццяны Седавай. 15 верасня на галоўнай сцэне тэатра пройдзе меладраматычная камедыя "Я чакаю сапраўднага мужчыну" па матывах п'есы Эдварда Радзінскага "Прыемная жанчына з кветкай і вокнамі на поўнач", галоўную ролю ў якой выканала Тамара Кобяк. Рэжысёр спектакля - Юрый Лiзенгевіч.
Акрамя таго, коласаўцы правядуць абменныя гастролі з беларускімі тэатрамі. Характэрнай у гэтым плане з'яўляецца стаўка тэатра на супрацоўніцтва з маладымі калектывамі. Так, 20-22 верасня на віцебскай сцэне свае пастаноўкі прадставіць Мінскі абласны драматычны тэатр, а 28-30 верасня - Гомельскі гарадскі моладзевы тэатр. Коласаўцы адпаведна ў гэты ж час у Маладзечне і Гомелі будуць выступаць з прэм'ернымі спектаклямі "Перабор" і "Я чакаю сапраўднага мужчыну".
Таксама трупа тэатра імя Я. Коласа рыхтуе да пастаноўкі музычную казку "Сiўка-Бурка", казку "Як воўк мамай быў" Васіля Ткачова, "Нельга забыць" Уладзіміра Караткевіча, "Лясную песню" Лесі Украінкі і "Доктара фiласофii" Браніслава Нушыча.
Рыгор Шанько таксама закрануў хваравітае для тэатра пытанне з прызначэннем новага мастацкага кіраўніка. Паводле яго слоў, Міністэрства культуры правяло сур'ёзную працу ў гэтым напрамку, разгледжана шмат кандыдатур. Адначасова выслухана і меркаванне тэатра. "У бліжэйшы час пытанне павінна вырашыцца", - рэзюмаваў кіраўнік тэатра.-0-