Адкрыццё фінальных гульняў юных футбалістаў "Кажаны мяч" адбудзецца 7 верасня ў Наваполацку

6 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Урачыстае адкрыццё фінальных гульняў у сярэдняй узроставай групе рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе "Скураны мяч" на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба адбудзецца 7 верасня ў Наваполацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла галоўны сакратар спаборніцтваў Надзея Кіслая. Прэтэндэнтамі на перамогу сярод 11-12-гадовых хлопцаў будуць каманды "Вымпел" (Івацэвіцкі раён), "Старт" (Міёрскі раён), "Вымпел" (Гомель), "Крыніца" (Навагрудскі раён), "Алімпік" (Слуцкі раён), "Тарпеда" (Кастрычніцкі раён Магілёва) і два прадстаўнікі Цэнтральнага раёна сталіцы - "Арляня" і "Партызан". На першым этапе каманды правядуць аднакругавы турнір у дзвюх падгрупах, па выніках якога стануць вядомыя ўдзельнікі фінальных паядынкаў. Акрамя таго, усім футбалістам трэба будзе паўдзельнічаць у індывідуальных спаборніцтвах па элементах тэхнікі футбола і фізічнай падрыхтоўкі. Хлопцам прапануюць шэсць практыкаванняў, па выніках выканання якіх будуць вызначаны лепшыя з лепшых. Пераможца і прызёры спаборніцтваў, а таксама лепшыя футбалісты ў індывідуальным заліку будуць узнагароджаны кубкамі, медалямі, каштоўнымі прызамі і сувенірамі на цырымоніі закрыцця 10 верасня. Гульні пройдуць на стадыёне "Атлант". Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, БРСМ і асацыяцыя "Беларуская федэрацыя футбола". Генеральны спонсар - кампанія "БТТэлекамунікацыі" ЗАТ "БелТэхЭкспарт", партнёры - Гандлёвы дом "БЕЛАЗ" і Беларуская калійная кампанія.-0-