Адкрыццё Летняга амфітэатра, басейна, гандлёвыя рады даўжынёй у кіламетр. Якія яшчэ сюрпрызы чакаюць гасцей абласных «Дажынак» у Глыбокім?

Адкрыццё Летняга амфітэатра, басейна і шмат іншых сюрпрызаў чакае жыхароў і гасцей Глыбокага – аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх гарадоў, які сёлета прыме абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022».

Пра гэта ішла размова на брыфінгу для журналістаў з кіраўнікамі структурных падраздзяленняў аблвыканкама і іншых службаў па падрыхтоўцы да правядзення фестывалю.

– Дата правядзення «Дажынак» – 17 верасня выбрана не выпадкова – яна знакавая для нашай краіны і ўсіх беларусаў. Гэта Дзень народнага адзінства. Сімвалічна, што ў Глыбокім ёсць плошча, якая носіць назву 17 Верасня, добраўпарадкаваная, абноўленая яна стане адной з цэнтральных лакацый, – падзяліўся начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі. – Удзельнікі Вішнёвага фестывалю ў Глыбокім ведаюць, што сцэнічная пляцоўка раней размяшчалася побач з райвыканкамам, цяпер яна перанесена ў Летні амфітэатр, будаўніцтва якога завяршаецца. Першымі ў гэтым цудоўным архітэктурным збудаванні выступяць зоркі беларускай эстрады.

На «Дажынкі» ў Глыбокае ў знак памяці пра тое, што гэта малая радзіма Ігната Буйніцкага – чалавека, які стварыў беларускі нацыянальны тэатр, - прывязуць спектакль «Паўлінка» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Бюст Ігната Буйніцкага можна ўбачыць у «Алеі знакамітых землякоў», выхад на якую вядзе з плошчы 17 Верасня.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома адзначыў, што на «Дажынках» будуць прадстаўлены кірмашы-выставы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А ў абноўленай Глыбоцкай гімназіі, якая стане «школай будучыні», прэзентуюць дасягненні сістэмы адукацыі вобласці. Дзякуючы рэалізацыі праекта «Школы будучыні» наша вобласць сёлета заняла першае месца сярод усіх абласцей і горада Мінска па алімпіядным руху, уваходзіць у лепшую тройку па цэнтралізаваным тэсціраванні, з пачатку года нашы навучэнцы прынеслі больш за 25 перамог на міжнародных алімпіядах і конкурсах.

Пра тое, дзе і якія пачастункі падрыхтавалі для жыхароў і гасцей Глыбокага, расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Жанна Лістападава:

– Працягласць гандлёвых радоў складзе каля кіламетра, яны размесцяцца на вуліцах Энгельса, Маладзёжнай, Леніна і Чырвонаармейскай. У нестацыянарных аб'ектах грамадскага харчавання будзе арганізавана каля 800 месцаў для сядзення. Дэгустацыю сваёй прадукцыі прапануюць "Віцебскхлебпрам", Верхнядзвінскі масласырзавод, Пастаўскі малочны камбінат, Віцебская бройлерная птушкафабрыка і іншыя прадпрыемствы.

Начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч расказаў, што галоўнай спартыўна-аздараўленчай падзеяй у фестывальным горадзе стане адкрыццё басейна, які ўжо цалкам гатовы да эксплуатацыі. Падчас Дажынак у Глыбокім пройдуць першынствы вобласці па валейболе, футболе. У горад прыедзе каля 200 спартсменаў, будзе працаваць 12 спартыўных пляцовак, дзе кожны ахвотны зможа паспрабаваць свае сілы.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы УУС аблвыканкама Дзмітрый Пугачоў запрасіў наведаць 27 тэматычных пляцовак праваахоўнікаў, дзе можна будзе пазнаёміцца з гісторыяй віцебскай міліцыі, убачыць сілы і сродкі, якія стаяць на ўзбраенні цяпер, і многае іншае.

Пасля брыфінгу адбылося пасяджэнне штаба па падрыхтоўцы да правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2022", у якім прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў.

"Віцьбічы"