У Віцебску ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў
Дзень вываду войскаў з Афганістана — гэта адначасова і свята для тых, каму пашчасціла вярнуцца дадому жывымі, і дзень смутку аб загінуўшых. Гэтая вайна назаўсёды застанецца ў гісторыі нашай краіны, бо яна напісана крывёю сотні беларускіх салдат, слязьмі маці і сірот, якія засталіся без мужоў і бацькоў.
— Тыя падзеі — асаблівая старонка ў гісторыі Віцебшчыны. У авангардзе савецкіх войскаў, што ўвайшлі ў далёкую краіну, былі вайскоўцы 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі і лётчыкі 339-га палка ваенна-транспартнай авіяцыі, размешчаных тут. Таму першыя пахавальні пачалі прыходзіць на нашу зямлю, — сказаў старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'ян Мацкевіч. — 15 лютага — гэта не проста сустрэча аднапалчан, якія ваявалі разам, але і даніна памяці баявым таварышам, якія загінулі смерцю храбрых пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку. Таксама ў гэты час мы наведваем могілкі і сваякоў загінуўшых.
У гадавіну вываду войскаў у кожным раёне вобласці адбыліся мітынгі і ўскладанні вянкаў і кветак да мемарыялаў воінам-інтэрнацыяналістам. У Віцебску месцам сустрэчы «афганцаў», удзельнікаў баявых дзеянняў, сем'яў загінуўшых, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый традыцыйна стаў помнік «Боль». На мерапрыемстве прысутнічаў кіраўнік абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
— Колькі б гадоў ні прайшло пасля афганскіх падзей, мы заўсёды будзем памятаць тое, што зрабілі воіны-інтэрнацыяналісты і расказваць аб іх подзвігах падрастаючаму пакаленню, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч. — Яны з годнасцю і гонарам выконвалі пастаўленыя перад імі задачы, абараняючы інтарэсы дзяржавы, ахвяравалі сваімі жыццямі і здароўем.
Памяць загінуўшых абаронцаў Айчыны ўшанавалі хвілінай маўчання і стрэламі з гармат.
Яшчэ адной важнай падзеяй стала адкрыццё 15 лютага ў абласным цэнтры мемарыяльнай дошкі лейтэнанту, штурману-лётчыку Сяргею Чарнышову, які загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане. Цырымонія прайшла ля корпуса №2 філіяла БДТУ «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж» на вуліцы 1-й Вялікалукскай. Раней у гэтым будынку размяшчалася СШ №12, у якой вучыўся воін-«афганец».
— Атрымаўшы базавую адукацыю, ён паступіў у ПТВ №96, скончыўшы якое, уладкаваўся слесарам-зборшчыкам на тэлецэнтр, — паведаміў намеснік старшыні гарвыканкама Пётр Падгурскі. — Адначасова ён наведваў Віцебскі вучэбна-авіяцыйны цэнтр, а пасля службы ў арміі адправіўся ў Сызранскую ваенную вучэльню лётчыкаў.
Сяргей Чарнышоў адслужыў у Афганістане менш за месяц (з 28 жніўня па 20 верасня 1982 года), але за гэты час здзейсніў каля 20 баявых вылетаў. За праяўленыя мужнасць і гераізм быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу» і «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа».
На мерапрыемстве прысутнічала ўдава Сяргея Іванавіча Любоў Чарнышова. Яна падкрэсліла, што боль страты не праходзіць з гадамі. Справіцца з цяжкасцямі сям'і загінулага дапамагалі саслужыўцы і неабыякавыя да чужога гора людзі.
Даведка «ВВ»:
15 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У 1989 годзе ў гэты дзень апошні савецкі салдат перайшоў мост памежнай ракі Амудар'я пад Тэрмезам — завяршыўся вывад абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана. Баявыя дзеянні доўжыліся больш за 9 гадоў і лічацца самымі працяглымі ў ХХ стагоддзі.
У сучаснай гісторыі пра тую вайну часта гавораць як пра першую антытэрарыстычную аперацыю. Усяго дарогамі вогненнага «Афгана» прайшлі звыш 30 тыс. беларусаў, 800 з іх не вярнуліся дадому — адны былі забітыя, іншыя да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак.
Эдуард Каралевіч. Фота Антона Сцяпанішчава. «Віцебскія весці».