Адкрыццё абноўленай плошчы Перамогі ў Віцебску адбудзецца 8 мая

6 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адкрыццё абноўленай плошчы Перамогі ў Віцебску адбудзецца 8 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама. У святочнай цырымоніі прымуць удзел прадстаўнікі абласных і гарадскіх улад, моладзевых арганізацый і працоўных калектываў, ветэраны з усіх рэгіёнаў вобласці і грамадскасць. Затым усіх удзельнікаў чакае святочны канцэрт, а ўвечары неба над самай вялікай плошчай Беларусі азарыцца яркімі агнямі светла-музычнага феерверка. Мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, ужо праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах вобласці. Так, 5 мая ў Віцебскім гарвыканкаме адбылося ўрачыстае ўручэнне ветэранам ордэраў на новыя кватэры і юбілейных медалёў. Ушанаванні ўдзельнікаў вайны праводзяцца паўсюдна. Аднак найбольш масава гэтыя падзеі пройдуць у бліжэйшыя дні. Так, 7 мая ў канцэртнай зале "Віцебск" для ветэранаў выступяць лепшыя творчыя калектывы абласнога цэнтра. 8 мая адбудзецца ўрачысты прыём у старшыні Віцебскага аблвыканкама. Бясконцай чарадой яркіх падзей і народных гулянняў, якія пройдуць з раніцы да самай ночы, стане 9 мая. Традыцыйна адкрые Дзень Перамогі святочнае шэсце ветэранаў вайны, грамадскасці і моладзі і ўскладанне вянкоў і кветак да Вечнага агню на плошчы Перамогі. Тут жа адбудуцца мітынг і самыя маштабныя мерапрыемствы: парад войскаў Віцебскага гарнізона, канцэрт дзіцячых калектываў і выканаўцаў, танцавальна-забаўляльная праграма для моладзі, святочны вячэрні салют. Летні амфітэатр стане месцам правядзення ўрачыстай цырымоніі, прысвечанай Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага. Тут выступіць ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі. Не будуць бяздзейнічаць і іншыя канцэртныя пляцоўкі горада: музыка і песні будуць гучаць у скверах, парках, установах культуры і спорту ўсіх мікрараёнаў абласнога цэнтра. Тут будуць арганізаваны канцэртныя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы, разнастайныя конкурсы, атракцыёны, выставы. У сувязі з правядзеннем гэтых мерапрыемстваў 9 мая будзе абмежаваны рух транспарту і створана спецыяльная рэжымна-абмежавальная зона ад плошчы Леніна да праспекта Чарняхоўскага.-0-