Адкрыццё помнікаў, рэканструкцыя бою і свята моладзі. Віцебск маштабна адзначыў сваё 1043-годдзе
Сёння немагчыма сказаць, у які менавіта дзень больш за тысячагоддзе таму быў заснаваны горад на Дзвіне, але хочацца думаць, што быў ён цёплым і сонечным. І радасным, як той у 1944-м, калі па вызваленых ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гарадскіх вуліцах прайшлі савецкія салдаты. Менавіта да яго – 26 чэрвеня – Віцебск прымеркаваў свой дзень нараджэння. І адзначае яго ў выхадныя дні бліжэй да гэтай даты.
У госці з падарункамі
Урачыстасці пачаліся ў мінулую пятніцу з сустрэчы гасцей. На прыёме афіцыйных дэлегацый гарадоў-пабрацімаў і партнёраў, прадстаўнікоў розных рэгіёнаў Беларусі старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін падзякаваў усім за адклік на запрашэнне падзяліць свята са сваімі даўнімі і новымі сябрамі.
Віктар Паўлавіч у апавяданні пра мінулае і сучаснасць абласнога цэнтра асаблівую ўвагу надаў эканамічнаму і сацыяльнаму супрацоўніцтву з гарадамі-пабрацімамі. Прыклад брацкіх адносін паказваюць цесныя сувязі Віцебска са Смаленскам. За чатыры месяцы бягучага года тавараабарот паміж двума рэгіёнамі склаў 27 млн долараў. З Латвіяй – амаль 7 млн долараў, з Арменіяй – 255 тыс.: паказчык невялікі, але ў параўнанні з мінулым годам ён вырас больш чым у 6 разоў.
У адказным слове госці з латвійскіх Рэзекнэ, Даўгаўпілса, расійскіх Смаленска, Пскова, Астрахані, Белаярскага раёна Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі – Югры, армянскага Ванадзора казалі, што сувязі з Віцебскам у далейшым будуць мацнець, і паддносілі гаспадарам у знак дружбы і партнёрскіх адносін падарункі. У прыватнасці, маляўнічае вялікае пано з роспісам па тканіне, выкананае армянскімі майстрамі, унікальныя друкаваныя выданні, маляўнічыя палотны.
Усе члены дэлегацый разам з кіраўніцтвам горада прынялі ўдзел у ускладанні кветак да бюста ўраджэнцу Віцебшчыны Герою Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, былому кіраўніку краіны Пятру Машэраву. Кожны раз у свой дзень нараджэння горад аддае даніну пашаны слаўным людзям, якія заслужылі павагу нашчадкаў.
У падарунак – «Дажынкі»
Яшчэ адна традыцыя – ушанаванне лаўрэатаў звання «Віцяблянін года». Імі сталі дзесяць найбольш годных жыхароў горада, якія сваімі працоўнымі і творчымі дасягненнямі заслужылі асаблівы пашану. Сярод іх алімпійскі чэмпіён батутыст Уладзіслаў Ганчароў і яго трэнер Вольга Власава, дырэктар ААТ «Віцебскі завод радыёдэталяў «Маналіт» Акіф Гасымаў, мастак, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Салаўёў. Некалькі віцябчан удастоены ганаровых грамат аблвыканкама. Перад цырымоніяй узнагароджання на сцэне Летняга амфітэатра жыхароў Віцебска павіншаваў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.
– Мы думалі, які падарунак паднесці Віцебску, каб ён быў значным і гараджане сказалі дзякуй. Своеасаблівым намёкам на яго стала перадача абласному цэнтру эксперыментальнай базы «Тулава». За 1,5 года горад даказаў, што ён можа паспяхова займацца сельскай гаспадаркай, а значыць, і прэтэндаваць на свята працаўнікоў вёскі. Таму прынята рашэнне ў 2020 годзе правесці «Дажынкі» ў Віцебску.
Ёсць час падумаць, якія праекты ў сацыяльнай сферы, вытворчасці трэба ажыццявіць. Галоўная мэта – зрабіць так, каб горад на Дзвіне стаў яшчэ прыгажэйшым, быў камфортным для жыхароў і прывабным для турыстаў, – сказаў кіраўнік вобласці.
Гэту навіну шматтысячная зала сустрэла апладысментамі, а старшыня гарвыканкама Віктар Мікалайкін, падзякаваўшы за падарунак, адзначыў, што гэта было даўняе жаданне, і з гумарам дадаў: магчыма, у яго ажыццяўленні дапамаглі Старык Хатабыч і залатая рыбка, скульПтурныя кампазіцыі якіх напярэдадні ўсталявалі ў Віцебску.
Хатабыч і «Рыбка»
Казкавы персанаж нашага земляка пісьменніка Лазара Лагіна ад сёння будзе сустракаць жыхароў і гасцей паўночнай сталіцы Беларусі на вуліцы Пушкіна ля любімага дзецьмі тэатра «Лялька».
Дарэчы, дом, дзе нарадзіўся віцебскі казкатворца, знаходзіўся насупраць – праз раку Віцьбу, на вуліцы Талстога. Аўтар бронзавай скульПтурнай кампазіцыі «Старык Хатабыч» – Сяргей Сотнікаў. На яе адкрыцці адразу нарадзілася легенда: калі пацерці збанок, які стаіць ля ног чараўніка, мара ажыццявіцца. Дарэчы, адным з першых гэта зрабіў Віктар Мікалайкін, і, як бачна, адно жаданне збылося.
А вось у «Рыбкі», якая з'явілася ў месцы, дзе Віцьба ўпадае ў Дзвіну, жаданняў загадаць можна адразу тры, што і зрабілі першымі маладыя Вікторыя і Сяргей Драздовы. Сямейную пару павіншавалі старшыня аблсавета Уладзімір Церанцьеў і начальнік аддзела ЗАГС гарвыканкама Галіна Гусева, якая ўручыла маладым спецыяльны сертыфікат, які сведчыць аб тым, што пара зарэгістравала шлюб у год 100-годдзя службы ЗАГС.
«Рыбка», якая па задумцы скульптара Івана Казака, вынырнула з Дзвіны з ключом ад горада, мае шмат значэнняў. Гэта вядомы сімвал хрысціянскай царквы (побач размешчаны жаночы праваслаўны манастыр), знак шчасця і дастатку. А яшчэ – напамін пра тое, што праз Віцебск праязджаў вядомы аўтар казкі пра залатую рыбку Аляксандр Пушкін.
Каля помніка паэту на Пушкінскай плошчы праходзіла літаратурнае свята, прысвечанае 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Увагу прыцягнулі рукапісныя кнігі, зробленыя супрацоўнікамі бібліятэк. Тут жа выступілі акцёры Коласаўскага тэатра, літаратары, школьнікі. Майстры арганізавалі выставу народнай творчасці, у якой прынялі ўдзел госці з Белаярскага раёна, прадставіўшы старадается рамяство, а таксама фальклор народаў Крайняй Поўначы.
Па новым маршруце
Падарункам да Дня Віцебска стала адкрыццё новага тралейбуснага маршруту №11, які злучыў мікрараён Медцэнтр з цэнтральнай часткай горада і чыгуначным вакзалам. Яго працягласць – 16,5 км. А даўжыня ўсёй тралейбуснай лініі абласнога цэнтра складае 53 км, гэтым відам транспарту ў год перавозіцца каля 35 млн пасажыраў.
Як растлумачыў дырэктар Віцебскага трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення Васіль Паўлючкоў, у першы час на маршруце будуць 4 адзінкі, інтэрвал руху – 15 хвілін. Але калі пасажырапаток будзе вялікі, машыны дададуцца. У перспектыве плануецца набыць 20 новых тралейбусаў беларускай вытворчасці.
Эпізод з мінулага
Адным з яркіх эпізодаў святочнай праграмы, якія вяртаюць у гераічнае мінулае горада, стала рэканструкцыя фрагмента бою за мост праз Заходнюю Дзвіну, які пакідаючыя Віцебск фашысцкія войскі збіраліся ўзарваць. Кіраваў аперацыяй, якая праходзіла ўночы 26 чэрвеня 1944 года, камандзір сапёрнага ўзвода 875-га стралковага палка (158-я стралковая дывізія, 39-я армія, 3-ці Беларускі фронт) старшы сяржант Фёдар Блохін.
За яе ўдалае завяршэнне старшы сяржант атрымаў званне Героя Савецкага Саюза, а ў 1964-м, у год 20-годдзя вызвалення горада, яму прысвоілі статус ганаровага грамадзяніна Віцебска, а мост крыху пазней назвалі імем героя.
Падзеі 73-гадовай даўнасці і паказалі беларускія клубы гістарычнай рэканструкцыі з Віцебска, Наваполацка, Мінска, Магілёва, а таксама іх расійскія сябры са Смаленска і Пскова. Праўда, дзеянне адбывалася не на мосце Блохіна, а ў парку імя Фрунзе, але ўдзельнікі «бою» хоць і ў паменшаным маштабе, максімальна дакладна паспрабавалі прайграць адзін з эпізодаў за вызваленне горада.
Смаляне прывезлі піратэхніку, якую выкарыстоўваюць на «Масфільме». Дзеянне выглядала вельмі праўдападобна, нібы ажыўшая дакументальная кінастужка. Дарэчы, віцебскае аб'яднанне ваеннай гістарычнай рэканструкцыі «Таварышы па зброі» прымала ўдзел у здымках фільмаў «Сталінград», «Дняпроўскі рубеж», «Поп» і іншых.
У стылі рэтра і маладосці
Свой дзень нараджэння Віцебск правёў з размахам, святочныя мерапрыемствы разгортваліся на розных пляцоўках ва ўсіх кутках горада, але самай галоўнай была плошча Перамогі. Тут у суботу прайшла традыцыйная выстава «Аўтарэтра», у якой прынялі ўдзел уладальнікі рарытэтных машын з Наваполацка, Магілёва, Гродна, Мінска, Смаленска і, вядома, горада на Дзвіне. Самае старое аўто – «Масквіч» 1955 года. Яго гаспадар – наваполачанін Уладзімір Лонскі.
А побач праходзіў конкурс дзіцячых калясак, малюнкаў на асфальце, свята гарадской газеты «Віцьбічы». Да цямна доўжылася канцэртна-забаўляльная праграма з удзелам беларускіх артыстаў. А па яе заканчэнні неба над горадам расцвіло шматколерным салютам.
Па-спартыўнаму пачаўся ў нядзелю Дзень моладзі. На галоўнай плошчы прывіталі ўдзельнікаў велапрабегу па вуліцах горада. Вялікую цікавасць выклікалі спаборніцтвы па кросфіце, які ўключаў лёгкую і цяжкую атлетыку, гімнастыку і акрабатику. Нямала было жадаючых падцягнуцца на турніку, пагуляць у лазертаг. Не перашкодзіў дождж танцавальнаму конкурсу і бітве дыджэяў. Маладыя, энергічныя, крэатыўныя прысвячалі свае спартыўныя і творчыя перамогі любімаму гораду.
Таццяна Пастарнак. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. "Віцебскія весці".