Адкрыццё паруснай школы ў Браславе будзе спрыяць прытоку турыстаў - амбасадар Польшчы

Открытие парусной школы в Браславе будет способствовать притоку туристов - посол Польши
Парусная школа надасць новы імпульс развіццю турыстычнага патэнцыялу Браслава. Гэта адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік пасля адкрыцця дзіцячай паруснай школы "Вецер дружбы" у Браславе.



Урачыстая падзея адбылася на гарадскім пляжы возера Дрывяты і стала адной з ключавых падзей праграмы Міжнароднага свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы", якое праходзіць у райцэнтры 27-28 мая. "Я вельмі рады, што ў чарговы раз магу пабываць на прыгожай браслаўскай зямлі. Мы ўжо супрацоўнічаем з Браславам шмат гадоў на рэгіянальным узроўні. У тым ліку ў фестывалі "Браслаўскія зарніцы" ўдзельнічаюць фальклорныя гурты з Польшчы. Што тычыцца узаемадзеяння непасрэдна пасольства з горадам Браславам і раёнам, то ў апошні час яно стала інтэнсіўным. Паўтара года таму мы задумалі сумесны праект, які сёння рэалізаваны: адноўлена парусная школа і яхтынг, які раней (яшчэ ў даваенныя гады) тут развіваўся", - сказаў дыпламат.

Пасол падкрэсліў, што адна з галоўных мэт сумеснай працы з Браслаўскім райвыканкамам - стварэнне паруснай школы для моладзі. "Гэта польская дапамога для развіцця турызму і прадастаўлення маладым людзям магчымасці ажыццяўляць сваю актыўнасць і пад ветразямі. Акрамя таго, наш праект - і эканамічны штуршок, таму што парусная школа будзе спрыяць прытоку турыстаў, а гэта дадатковыя даходы і магчымасць развіцця горада", - дадаў Конрад Паўлік.

Працягваючы тэму паруснай школы, дыпламат адзначыў, што гэта адзін з вялікіх малых грантаў, рэалізаваных у Беларусі на суму каля 100 тыс. еўра. "Будзем старацца працягваць дадзены праект. Можа быць, пашырым яго маштаб. Гэту тэму будзем абмяркоўваць з мясцовымі ўладамі. Добры першы крок ужо зроблены", - падкрэсліў пасол. Конрад Паўлік паведаміў, што за апошнія 10 гадоў у Беларусі рэалізавана 100 такіх праектаў на сумы ад 50 да 70 тыс. еўра кожны. Большасць з іх – грамадска-сацыяльныя.

"На Браслаўшчыне мы рэалізавалі грамадска-турыстычны праект. Хочам зрабіць больш праектаў, якія

накіраваны на эканамічнае развіццё, у тым ліку стварэнне малых і сярэдніх прадпрыемстваў, - сказаў дыпламат. - Мы будзем старацца, каб штогод рэалізоўвалася каля 5-6 малых грантаў. Такія планы добра ўпісваюцца ў працэс актывізацыі адносін паміж Польшчай і Беларуссю, які мае месца ў апошнія месяцы". 

"Браслаўскім зарніцам" сёлета спаўняецца 50 гадоў і ў гонар гэтай юбілейнай даты ў горадзе ўрачыста адкрыты памятны знак. Двухдзённая праграма свята насычана разнастайнымі падзеямі. Прайшоў абласны агляд-конкурс вакальна-харэаграфічных калектываў, адбылося шэсце ўдзельнікаў свята ад гарадской плошчы ў лясны парк "Ляснічоўка" і ўрачыстае адкрыццё форуму. Сярод мерапрыемстваў - знаёмства са сярэднявечнай культурай на Замкавай гары. Фестываль "Меч Брачыслава" сёлета сабраў клубы гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Літвы і Польшчы, большасць з іх ужо знаёмыя браслаўчанам і пастаянным гасцям фестывалю.

У Браславе адбудуцца выступленні дзіцячых творчых калектываў з Беларусі, Арменіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Эстоніі. У райцэнтры арганізавана забаўляльная праграма, працуюць выставы-кірмашы, запрашае гасцей горад майстроў, праходзяць дэгустацыі прадукцыі прадпрыемстваў раёна, уладкаваны конкурс "Браслаўская юшка" і многае іншае.-

Алена Ціханава.  Фота Аляксандра Хітрова.БЕЛТА.