Адкрыццё паляўнічага сезона ў Беларусі адкладзена на нявызначаны тэрмін

6 жніўня, Мінск /Міхаіл Сінкевіч - БЕЛТА/. У Беларусі адкрыццё сезона палявання на вадаплаўную і балотную дзічыну адкладаецца на нявызначаны перыяд у сувязі з пажаранебяспечнай сітуацыяй. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра лясной гаспадаркі Мікалай Юшкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Як толькі клас пажарнай небяспекі зменшыцца і мы зразумеем, што ад такога рашэння не будзе праблем, мы адразу ж скарэктуем тэрміны", - сказаў Мікалай Юшкевіч. Намеснік міністра таксама падкрэсліў, што ў кампетэнцыі ведамства толькі перанос даты адкрыцця паляўнічага сезона, самі тэрміны зменены не будуць. Аб пачатку сезона палявання Мінлясгас паведаміць асобна. Нагадаем, што традыцыйна сезон палявання пачынаецца ў першую суботу жніўня (у гэтым годзе гэта 7 жніўня) і працягваецца да другіх выхадных снежня. -0-