Адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па скачках на батуце памяці Валерыя Вагеля прайшлі ў Віцебску
Наш зямляк Валерый Вагель на працягу 38 гадоў займаўся падрыхтоўкай высокакласных батутыстаў, 18 гадоў узначальваў нацыянальную каманду Беларусі. Сярод яго выхаванцаў — плеяда пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку чэмпіянатаў Еўропы і свету, удзельнікаў Алімпійскіх гульняў.
Ён пайшоў з жыцця ў 2014 годзе, застаўшыся ў памяці калег як прафесіянал вышэйшай пробы, мэтанакіраваны і энергічны настаўнік, які актыўна выкарыстоўваў творчы падыход у працы з маладымі талентамі.
У цырымоніі адкрыцця турніру ўдзельнічаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў, які курыруе на Віцебшчыне гэты від спорту, Уладзімір Церанцьеў.
— Бягучы год быў цяжкім для спартсменаў. З-за пандэміі адмянілі этап Кубка свету, чэмпіянат Еўропы, перанеслі Алімпійскія гульні. На гэтых стартах беларускія спартсмены маглі заваяваць не адзін камплект медалёў, у тым ліку вышэйшай пробы, — сказаў Уладзімір Уладзіміравіч. — Адзначу, што сёння наш абласны цэнтр можна з упэўненасцю назваць не толькі сталіцай рэспубліканскага батута, але і сусветнага. У горадзе ўзведзены сучасны Цэнтр па скачках на батуце, які дазваляе праводзіць самыя прэстыжныя спаборніцтвы.
На спаборніцтвы прыехалі наймацнейшыя батутысты краіны, у тым ліку алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў. Яны выяўлялі наймацнейшых у двух дысцыплінах — адзіночныя і сінхронныя скачкі. У першай з іх спартсменаў падзялілі на дзве групы — кандыдаты і майстры спорту. Як і чакалася, прадстаўнікі вобласці заваявалі большасць залатых узнагарод. Сярод КМС пальма першынства дасталася Марыі Сямёнавай, сярод МС — Марыі Сяргеевай і Алегу Рабцаву. У сінхраністаў лідзіруючыя пазіцыі занялі пары Ксенія Сямёнава — Лізавета Шарай і Мікіта Фомчанка — Мацвей Арлоў.