Адкрыты чэмпіянат вобласці па біятлоне на прызы старшыні аблвыканкама прайшоў у Віцебску

На базе Віцебскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву прайшоў адкрыты чэмпіянат вобласці па біятлоне на прызы старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва. У спаборніцтвах удзельнічалі прадстаўнікі пяці гарадоў і райцэнтраў Прыдзвіння, а таксама спартсмены Мінскай вобласці.

Спаборніцтвы прайшлі ў напружанай барацьбе. У ўзнагароджанні пераможцаў і прызёраў удзельнічалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч, старшыня УКДБ па Віцебскай вобласці, кіраўнік абласной федэрацыі біятлона Сяргей Феакцістаў.

— Упершыню чэмпіянат вобласці прайшоў на прызы старшыні Віцебскага аблвыканкама. І гэта не выпадкова, — адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. — Кіраўнік рэгіёна сам прымае актыўны ўдзел у лыжных гонках і ўважліва сочыць за выступленнямі біятланістаў. У гэтым годзе ў краіне праводзіліся новыя рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяўчат і юнакоў. Больш за 150 маладых спартсменаў змагаліся за званне наймацнейшых у асабістых і камандных заліках. У выніку першай у гісторыі камандай — уладальніцай пераходнага Кубка Федэрацыі біятлона Беларусі стала зборная страляючых лыжнікаў Віцебскай вобласці.

Трэба адзначыць, што на Віцебшчыне праводзіцца вялікая праца па падтрымцы і развіцці гэтага віду спорту. Яго папулярызацыі спрыяе і паспяховае выступленне беларускай каманды на нядаўніх Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане. Перамога жаночага квартэта ў эстафеце, залаты медаль, здабыты прадстаўніцай сенненскай школы біятлона Ірынай Крыўко, нікога не пакінулі абыякавымі.

"Віцьбічы".