Адкрыты дыялог з моладдзю «камсамол. Учора. Сёння. Заўтра» і аўтапрабег «За Беларусь!» прайшлі ў Дубровне
У Дуброўна прайшлі адкрыты дыялог з моладдзю «Камсамол. Учора. Сёння. Заўтра», прысвечаны 100-годдзю ЛКСМБ, і аўтапрабег.
Активісты і лідары маладзёжнага руху з арганізацый і прадпрыемстваў Дубровенскага раёна, а таксама ветэраны камсамола сабраліся ў гісторыка-краязнаўчым музеі, каб абмеркаваць надзённыя пытанні і сітуацыю ў краіне, падзяліцца поглядамі на жыццё. У дыялогу прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, а таксама кіраўніцтва раёна.
Размова – нефармальная і шчырая. Якой павінна быць сучасная моладзь, каб грамадства рухалася наперад? Якія напрамкі ў рабоце выбіраць БРСМ, каб арганізацыя была больш прывабнай для маладых людзей? Што трэба рабіць, каб не дапускаць скажэння гісторыі дзяржавы і яе сімволікі? Ці ёсць будучыня ў маладзёжнай палаты? Наколькі важныя вынікі VII Форуму Беларусі і Расіі для нашай краіны? Да чаго могуць прывесці пратэсты? Гэтыя і шэраг іншых пытанняў абмеркавалі ўдзельнікі дыялогу.
Уладзімір Церанцьеў падзяліўся цікавымі і яркімі момантамі са сваёй камсамольскай юнацкасці, натхніў моладзь на добрыя ўчынкі і справы, за якія пазней не будзе сорамна глядзець у вочы нашчадкам. Таксама кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці прывёў у прыклад ураджэнцаў Дубровеншчыны, якія рэалізавалі сябе на вытворчасці, у навуцы, бізнесе, рамястве, валанцёрстве.
– Раўняцца ёсць на каго, і ад моладзі чакаюць новых ініцыятыў, – дадаў Уладзімір Церанцьеў. – Сённяшняя моладзь у большасці сваёй – адкрытая, мэтанакіраваная, неабыякавая, думаючая і аналізуючая. За ёй – будучыня дзяржавы.
Пасля адкрытага дыялогу некалькі дзясяткаў байкаў і аўтамабіляў з дзяржаўнай сімволікай стартавалі ад помніка Герою Савецкага Саюза Ганне Нікандравай.
– Для мяне Беларусь – гэта мірнае чыстае неба над маёй галавой, над галавой маіх дзяцей. Трэба не брадзіць па вуліцах бесмэтна, а працаваць, працаваць для агульнага дабра, – сказала адна з удзельніц дубровенка Юлія Велейшыкава.
А вось Кацярына Спічонак спецыяльна прыехала з Оршы на байку, каб падтрымаць прабег.
– Я выступаю за моцную і квітнеючую Беларусь. Мне дарагія наш сцяг, герб, наша краіна. Хацела паўдзельнічаць у ускладанні кветак, вянкоў на памятныя месцы, таму што гэта выказвае маё стаўленне да Беларусі, – падзялілася яна.
Маршрут працягласцю каля 80 км пралягаў па мясцінах баявой славы і воінскіх пахаваннях раёна. Памяць абаронцаў Айчыны і загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны мірных жыхароў удзельнікі прабегу ўшанавалі на воінскім пахаванні «Тэалін», ля помніка "Скарбящая мать", у мемарыяльным комплексе "Рыленкі". Нагадаем, што гэта знакавае месца ў 2020 годзе ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі. Тут прайшоў мітынг, прысвечаны подзвігам салдат і афіцэраў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ветэраны камсамольскага руху заклікалі быць удзячнымі нашчадкамі лепшых традыцый беларускага народа, людзі выказалі падтрымку дзеючаму палітычнаму курсу краіны.
Фінальнай кропкай маршруту аўтапрабегу стала месца гібелі 19-гадовага салдата Вялікай Айчыннай вайны Юрыя Смірнова ў вёсцы Шалашына.