Адкрыты дыялог з насельніцтвам дапаможа ўладам знайсці правільнае рашэнне праблем - Аляксандр Пазняк
Аляксандр Пазняк адзначыў, што прымаючы рашэнні па праблемных пытаннях, прадстаўнікам улады абавязкова варта адкрыта абмяркоўваць гэтыя тэмы з насельніцтвам. "Любое рашэнне, якое прымае ўлада, павінна абмяркоўвацца з людзьмі. А калі ўлада не здолела патлумачыць, для чаго гэта трэба, як гэта палепшыць жыццё, то такое рашэнне прымацца не павінна, - падкрэсліў ён. - Любое рашэнне ўлады павінна прымацца для чалавека, для паляпшэння жыцця людзей". Адно з самых вострых пытанняў, якое сёння агучылі памочніку Прэзідэнта жыхары раёна, - закрыццё школы ў адным з сельскіх населеных пунктаў. Грамадзяне катэгарычна не згодныя з рашэннем улады, ад якой не прагучала ніводнага пераканаўчага аргументу на карысць такога павароту падзей.
"Калі мы вядзем гаворку аб адукацыі дзяцей, то гэта якраз той выпадак, калі нельга ставіць на першае месца зэканомлены рубель. Максімальна зніжаць выдаткі, павышаць рэнтабельнасць - гэта задача вытворчасці. У дачыненні да якасці жыцця людзей і тым больш дзяцей такі падыход недапушчальны. Прымаючы рашэнні аб закрыцці канкрэтнай школы, у цэлым аптымізацыі сеткі школьных устаноў, неабходна арыентавацца на павышэнне якасці адукацыі, стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця школьнікаў", - адзначыў Аляксандр Пазняк.
Ён таксама падкрэсліў, што перавагі установы адукацыі, куды будуць вазіць дзяцей пасля закрыцця школы ў іх роднай вёсцы, павінны быць відавочныя для бацькоў. "Кожнаму чалавеку, кожнай сям'і павінна быць растлумачана, што гэта ім дасць. Калі аргументаў не хапае, не прымайце такое рашэнне. А калі плюсы відавочныя, рэалізоўвайце і тлумачце людзям", - сказаў Аляксандр Пазняк.
Ён адзначыў, што ўсе пытанні, якія гучаць на асабістых прыёмах, актуальныя. "Нават калі тэма не значная ў маштабах дзяржавы, але вельмі важная для кожнага канкрэтнага чалавека. Так, сёння адна
з заяўніц казала пра тое, што не зусім правільна аформлена здзелка па продажы дома. Для чалавека гэта вялікая праблема\", - сказаў памочнік Прэзідэнта.Гучалі на прыёме і праблемы цэлых мікрараёнаў ці нават населеных пунктаў - размова ішла пра будаўніцтва і рамонт дарог. \"Некалькі чалавек казалі пра тое, што ў Аршанскім раёне не зусім добрыя дарогі. Гэтыя пытанні значныя. Яны не могуць быць вырашаны адразу, запатрабуецца час, - сказаў Аляксандр Пазняк. - Але галоўнае, каб улада разумела: гэтую праблему трэба вырашаць\".
Акрамя ўжо пазначаных тэм, на прыёме размова ішла пра плату за паслугі ЖКГ - адна з заяўніц расказала, што ў апошні час па некаторых пазіцыях лічбы выраслі напалову, а то і ў два разы. Пажылая вяскоўка паскардзілася на працу зборшчыкаў малака (на падворку 87-гадовай жанчыны дзве каровы). На думку пенсіянеркі, зборшчыкі малака значна заніжаюць тлустасць прымаемага тавару, каб менш за яго плаціць.
Аляксандр Пазняк даручыў кіраўніцтву раёна сумесна са спецыялістамі Камітэта дзяржаўнага кантролю арганізаваць праверку па гэтым пытанні. У ходзе прыёму, на якім разам з Аляксандрам Пазняком прысутнічалі адказныя работнікі абл- і райвыканкама, спецыялісты розных службаў і ведамстваў, грамадзянам даваліся тлумачэнні. Усе пытанні ўзяты на кантроль.
Алена Ціханава - БЕЛТА.