Адмена мытных пошлін дазволіць Віцебскаму маслаэкстракцыйнаму заводу павялічыць экспарт

26 сакавіка, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Адмена экспартных мытных пошлін на ўсе віды тавараў (акрамя нафтапрадуктаў) у адпаведнасці з указам №135 з'яўляецца своечасовай і дзейснай мерай для падтрымкі прадпрыемстваў-экспарцёраў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні знешнеэканамічных сувязей, гандлю і маркетынгу канцэрна "Белдзяржхарчпрам". Вывазныя мытныя пошліны былі ўстаноўлены на адну з пазіцый прадукцыі прадпрыемстваў галіны - масланасенне рапсу (пазіцыя 1205 Таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці). Іх нарыхтоўвае адно прадпрыемства галіны, якое з'яўляецца асноўным іх перапрацоўшчыкам на раслінны алей, - Віцебскі маслаэкстракцыйны завод. Прадпрыемства мае звышпланавую колькасць масланасення рапсу з ураджаю мінулага года і магло б павялічыць іх пастаўкі за мяжу. Як падкрэслілі ва ўпраўленні, пасля адмены мытных пошлін экспарт масланасення рапсу можа ўзрасці, і гэта будзе эфектыўнай мерай для атрымання дадатковых даходаў. На думку спецыялістаў, дзеянне ўказа ў цэлым станоўча адзаецца на дзейнасці вытворцаў і перапрацоўшчыкаў масланасення. Паколькі прадпрыемству ўжо не трэба плаціць вывазную мытную пошліну, то адпаведна яно зможа павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі пры рэалізацыі на замежныя рынкі. Асноўнымі перапрацоўшчыкамі масланасення рапсу ў Беларусі з'яўляюцца ААТ "Віцебскі маслаэкстракцыйны завод" і СЗАТ "ГроднаБіяпрадукт", для якіх дзяржзаказ вызначаны да 2010 года. У прыватнасці, у 2009 годзе ў цэлым па рэспубліцы ён устаноўлены ў аб'ёме 315 тыс.т, у тым ліку для арганізацый канцэрна "Белдзяржхарчпрам" - 105 тыс.т (Віцебскага МЭЗа - 65 тыс.т і "ГроднаБіяпрадукт" - 40 тыс.т). У 2010 годзе агульны дзяржзаказ складзе 390 тыс.т. Для арганізацый "Белдзяржхарчпрама" заданне ўстаноўлена ў 115 тыс.т (Віцебскага МЭЗа - 75 тыс.т і "ГроднаБіяпрадукт" - 40 тыс.т). Такім чынам, дзяржзаказ будзе паступова павышацца для больш поўнай загрузкі перапрацоўчых магутнасцей і забеспячэння ўнутраных патрэб краіны ў рапсавым алеі.-0-