Ацяпляльны кацёл узарваўся ў жылым доме ў Віцебскай вобласці

5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ацяпляльны кацёл узарваўся ў жылым доме ў Віцебскай вобласці, пацярпела гаспадыня. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Увечары 4 кастрычніка ў жылым доме ў пасёлку Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці адбыўся разрыў вадзяной кашулі ацяпляльнага самаробнага катла на цвёрдым паліве. Гаспадары з пяццю дзецьмі (самы старэйшы 1998 года нараджэння, малодшы - 2011-га) знаходзіліся ў гэты момант дома. Ад выбуху пацярпела толькі жанчына - яна прала бялізну на кухні. З апёкамі парай 1-3 ступені (10%) рук, твару яе даставілі ў бальніцу. Як мяркуюць спецыялісты, выбух адбыўся з-за недахопу цыркуляцыі вады ў ацяпляльнай сістэме. На шчасце, пасля таго, што здарылася, не пачаўся пажар. Шкода ўстанаўліваецца. Дом для далейшага пражывання прыдатны.-0-