Наведвальнікі Бярэзінскага біясфернага запаведніка ў 2010 годзе змогуць адправіцца ў паход на байдарках
19 лістапада, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Спецыялісты Бярэзінскага біясфернага запаведніка распрацоўваюць новыя водныя маршруты для турыстаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік экалага-турыстычнага аддзела запаведніка Дзіяна Сімановіч.
Ужо ў наступным годзе наведвальнікі запаведніка змогуць адправіцца ў займальнае падарожжа на байдарках па рацэ Бярэзіна. "Працягласць паходаў будзе рознай - ад аднаго да трох дзён, - расказала суразмоўніца. - За гэты час турысты змогуць пазнаёміцца з найпрыгажэйшымі прыроднымі куткамі Бярэзінскага біясфернага запаведніка, паназіраць за прадстаўнікамі жывёльнага свету, а таксама ўбачыць рэдкія расліны". Пры жаданні ўдзельнікі паходаў змогуць вывучыць і відавую разнастайнасць арнітафаўны запаведніка, убачыць такіх рэдкіх птушак, як луні, зімародкі, асповы.
Распрацоўваецца таксама водны маршрут, які прадугледжвае падарожжа на байдарках па адным з участкаў гістарычнага шляху "З варагаў у грэкі", які праходзіць па возеры Плаўна. "Тут можна будзе ўбачыць рэшткі гідратэхнічных збудаванняў, шлюзаў і плацін, якім больш за два стагоддзі, - сказала Дзіяна Сімановіч. - Шмат цікавага можна будзе даведацца і пра прыроду гэтых мясцін".
Паходы на байдарках будуць арганізоўваць у летне-асенні перыяд.
Разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыгажосць яго прыроднага комплексу прыцягваюць усё больш турыстаў. За дзевяць месяцаў гэтага года запаведнік наведалі каля 23 тыс. чалавек, што на 3,5 тыс. больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Акрамя беларусаў сюды прыязджаюць немцы, французы, галандцы, расіяне. З павелічэннем турыстычнага патоку ў запаведніку прымаюцца меры па аптымізацыі нагрузкі на экасістэмы і захаванні рэдкіх відаў жывёл, птушак і раслін.
Бярэзінскі біясферны запаведнік - найстарэйшы сярод ахоўных аб'ектаў, якія складаюць прыродную спадчыну Беларусі. Яго прыродны комплекс размяшчаецца на тэрыторыі ў 107,6 тыс.га і ўключае разнастайныя тыпы паўднёва-таёжных лясоў, балот, поймавых лугоў, азёр і рэк. Дзякуючы сваёй біялагічнай разнастайнасці і ўнікальнасці прыродных комплексаў запаведнік мае выключную значнасць не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы. Тут адзначана прарастанне больш за 2 тыс. відаў раслін, 78 з якіх уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.-0-