Адсяленне на час капрамонту дома і якасць вады. Шэраг пытанняў паступіў ад аршанцаў на «Вялікую размову з Прэзідэнтам».
Напярэдадні і падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» да кіраўніка дзяржавы звярнуліся і жыхары Оршы і Аршанскага раёна.
Найбольш актуальнымі і надзённымі для іх з’яўляюцца пытанні ўзроўню заработнай платы, прадастаўлення льгот асобным катэгорыям грамадзян, жыццезабеспячэння, а таксама дынамічнае развіццё раёна. Частка зваротаў носіць асабісты характар.
Так, жыхарка дома №10 на праспекце Тэкстыльшчыкаў у Оршы скардзілася на сырасць і цвіль у кватэры і цікавілася, калі будзе праведзены рамонт дома.
У аддзеле ЖКГ Аршанскага райвыканкама патлумачылі, што ў рамках капітальнага рамонту быў адрамантаваны фасад дома, у 2014 годзе выкананы работы па рамонце даху, адмасткі і пад’ездаў. У ліпені 2018-га ажыццёўлены разшыўка і заладка расколін у тынкавым слоі фасада. Устаноўлены металічныя адлівы на выступ над балконам.
Што тычыцца сырасці, для яе ўстаранення КУП «Аршакамгас» прапрацавана пытанне аб пераглядзе расходу цеплавой энергіі на патрэбы ацяплення дома і адрэгуляваны прыборы ўліку цяпла. Да канца ацяпляльнага сезона правядуць маніторынг стану сцен унутры жылога памяшкання на прадмет утварэння новых ачагоў сырасці. Пытанне знаходзіцца на кантролі.
Капітальны рамонт хвалюе і жыльцоў дома №16 на вуліцы Канстанціна Заслонава ў Оршы. У аддзеле ЖКГ праінфармавалі, што падчас сходу жыльцы гэтага дома выказалі жаданне атрымаць у ўласнасць роўнакаштоўную жылплошчу, а ў якасці альтэрнатывы прапанавалі правесці капітальны рамонт будынка. Людзі катэгарычна адмовіліся перасяляцца ў арэнднае жыллё.
Паколькі заканадаўствам не прадугледжаны варыянты прадастаўлення кватэр ва ўласнасць пры адсяленні, у райвыканкаме прапрацоўваюць пытанне аб магчымасці капітальнага рамонту з улікам інтарэсаў жыльцоў.
Прагучала пытанне і аб высокай плаце за арэнднае жыллё і магчымасці яго набыцця ва ўласнасць.
У Аршанскім райвыканкаме патлумачылі, што ў адпаведнасці з заканадаўствам жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання не падлягаюць прыватызацыі і продажу. Яны прадастаўляюцца за плату часова на тэрмін да пяці гадоў з наступнай пралангацыяй альбо на час працоўных (службовых) адносін. Што тычыцца платы за карыстанне арэндным жыллём, то яна ўстаноўлена заканадаўствам.
Зварот аб адсутнасці свірна для захоўвання дроў паступіў ад жыхара гарпасёлка Копысь.
Аднак на прыдамавой тэрыторыі грамадзяніна маюцца гаражная прыбудова і крытае памяшканне над склепам, дзе заяўнік мае магчымасць захоўваць дровы.
Жыхарка райцэнтра цікавілася магчымасцю ўсталяваць індывідуальныя прыборы ўліку электраэнергіі ў доме.
Жанчыне патлумачылі, што для гэтага патрабуецца замена (капітальны рамонт, рэканструкцыя) электраправодкі, а на гэта неабходна згода ўсіх жыльцоў дома, бо замена і рамонт унутрыкватэрнай электраправодкі ажыццяўляюцца за кошт уласнікаў.
Жыхарка завулка Заслонава ў Оршы паскардзілася на нізкую якасць пітной вады. Аднак выпрабаванні адібраных проб з водаразборнай калонкі па дадзеным адрасе паказалі, што якасць вады па ўсіх паказчыках адпавядае патрабаванням СанПіН.
Аршанцаў таксама цікавіў узровень сярэдняй заработнай платы ў раёне.
Як распавялі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата за студзень – люты 2019 года па раёне склала 807,6 руб., у тым ліку за люты – 803,5 руб.
"Віцебскія весці". Фота з архіва газеты, носіць ілюстрацыйны характар.