Ацэнка ўздзеяння прадпрыемстваў «Белнафтахіма» на экалогію Полацкага рэгіёну пройдзе ў 2013 годзе

Эколагі Віцебскай вобласці маюць намер у 2013 годзе правесці комплексную ацэнку ўздзеяння прадпрыемстваў "Белнафтахіма" на навакольнае асяроддзе ў Полацкім рэгіёне. Пра гэта паведаміў сёння журналістам старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Руслан Вінакураў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У надыходзячым годзе спецыялісты камітэта маюць намер правесці зводны разлік шкодных выкідаў у Полацкім рэгіёне. Гэта дазволіць комплексна ацаніць сітуацыю і ўздзеянне прадпрыемстваў "Белнафтахіма" на экалогію гарадоў Полацка, Наваполацка. У далейшым будзе выпрацавана сістэма мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў для спрыяльнага стану атмасфернага паветра", - сказаў старшыня камітэта.

У вобласці выдадзена 207 дазволаў на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. За 2012 год службай аналітычнага кантролю прадастаўлена 1062 пратаколы выпрабаванняў выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад стацыянарных крыніц. Зафіксавана 13 выпадкаў перавышэння максімальна разавых нарматываў выкідаў забруджвальных рэчываў, устаноўленых у дазволах на выкіды ў атмасфернае паветра 11 прадпрыемствамі. За невыкананне максімальна разавых нарматываў дапушчальных выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра складзена 16 адміністрацыйных пратаколаў. У 11 з 13 выпадкаў разлічаны памер шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, прад'яўлены прэтэнзіі прыродакарыстальнікам на суму больш Br40 млн. "Здаровая экалогія - здаровая эканоміка. Гэта формула дабрабыту насельніцтва", - падкрэсліў Руслан Вінакураў.

БЕЛТА