Адказнасць дэпутатаў у Год прадпрымальніцтва ўзрастае - сенатар
27 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Год прадпрымальнасці ўзрастае роля і адказнасць парламентарыяў і дэпутатаў мясцовых саветаў. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскай абласной філармоніі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Алена Падаляк, каментуючы штогадовае Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
Сенатар адзначыла, што ў сваім звароце кіраўнік дзяржавы чарговы раз пацвердзіў нацэленасць Беларусі стаць дзяржавай з высокаразвітай эканомікай, бяспечным і камфортным для жыцця. Менавіта таму ў перспектыве робіцца стаўка на інавацыі, інвестыцыі і ініцыятыву. Безумоўна, у такіх умовах значна ўзрастае роля і адказнасць народных абраннікаў, бо, з аднаго боку, яны павінны ствараць заканадаўчую базу, якая адпавядае сучасным патрабаванням, а з другога - дэпутаты з'яўляюцца звязуючым звяном паміж народам і ўладай, таму павінны ісці ў авангардзе падтрымкі ініцыятыўных грамадзян, упэўнена Алена Падаляк.
"Толькі адказнасць, дысцыпліна, працавітасць і кансалідацыя ўсіх сіл дазволяць Беларусі пераадолець цяжкасці і вырашыць галоўную задачу па павышэнні ўзроўню жыцця і дабрабыту беларусаў - у гэтым сэнс Паслання Прэзідэнта", - падкрэсліла сенатар.
Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што сёлета Пасланне кіраўніка дзяржавы прагучала паміж двума трагічнымі для беларускага народа датамі - 11 красавіка, калі прагрымеў выбух у мінскім метро, і 26 красавіка, чарговай гадавінай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На яе думку, невыпадкова ў Пасланні чырвонай ніткай праходзіла думка пра самае важнае для людзей - бяспеку жыцця, шмат увагі нададзена праблеме нацыянальнай бяспекі, якая з'яўляецца шматгранным паняццем. "Кіраўнік дзяржавы даў пераканальны адказ: жывіце, працуйце, і няхай прырастаюць дзецьмі беларускія сем'і", - рэзюмавала Алена Падаляк.-0-