Аздараўленчы комплекс "Пліса" адкрыўся ў Глыбоцкім раёне
Санаторна-курортны комплекс "Пліса" (філіял вытворча-будаўнічага ЗАТ "Трэст Прамбуд") адкрыўся ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды ўводу ў эксплуатацыю комплексу прынялі ўдзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка і старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў.
Санаторый пабудаваны на тэрыторыі былой вайсковай часці ў лясной зоне ўздоўж паўночнага берага маляўнічага возера Пліса. На плошчы ў 20,5 га размешчаны аб'екты для аздараўлення і адпачынку, якія адначасова могуць прыняць больш за 400 наведвальнікаў. У сярэднім за год тут зможа адпачыць і аздаравіцца да 6 тыс. чалавек.
Характэрна, што галоўны корпус "Плісы" па форме нагадвае старажытную беларускую рэліквію - крыж Ефрасінні Полацкай. Дасягнуць гэтага эфекту ўдалося за кошт таго, што корпус складаецца з трох будынкаў (3- і 5-павярховыя), якія злучаны паміж сабой на ўзроўні другога паверха ацяплянымі галерэямі.
Комплекс падзелены на некалькі функцыянальных зон: для доўгатэрміновага і кароткатэрміновага знаходжання, гісторыка-этнаграфічную зону, падсобную сельскую гаспадарку, гаспадарчую зону, зону воднага басейна возера Пліса.
Асноўная зона для доўгатэрміновага знаходжання прызначана для аздараўлення і адпачынку асоб, якія прыбываюць па пуцёўках тэрмінам на 12, 18 і 21 дзень. Для пражывання прадугледжаны жылы корпус на 164 нумары, а таксама комплекс 1- і 2-павярховых(асобных і блакіраваных) гасцявых дамоў катэджнага тыпу на 84 месцы. Акрамя ўсяго іншага, на тэрыторыі "Плісы" узведзены амфітэатр на 150 пасадачных месцаў з крытай эстрадай, зона адпачынку для адначасовага знаходжання 150 чалавек, маюцца спартыўныя залы для гульнявых відаў спорту, басейн і гасцявая стаянка на 120 машын. Ландшафтны дызайн выкананы такім чынам, што тут размешчана некалькі зон адпачынку, абсталяваных беседками, фантанамі і скульптурнымі кампазіцыямі.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што "Пліса" абсталявана сучасным медыцынскім і спартыўным абсталяваннем, тут падабраны высокакваліфікаваныя кадры. Усё гэта ў спалучэнні з мінеральнай вадой, сапрапелевымі гразямі, найпрыгажэйшымі прыроднымі ландашафтамі і чыстым паветрам будзем максімальна спрыяць аздараўленню людзей.
"Будаўнікі ўвасобілі ў жыццё цікавы архітэктурны праект, які ўпрыгожыў не толькі глыбокскія землі, але і ў цэлым віцебскі рэгіён. Я упэўнены, што дзейнасць комплексу станоўча паўплывае на развіццё гэтай тэрыторыі, а гэта менавіта тое, што зараз неабходна краіне, - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. - Тут створана каля 200 новых працоўных месцаў, у будаўніцтва інвеставана каля Br300 млрд (недэнамінаваных рублёў). І пры належнай арганізацыі працы будзе саліднае паступленне фінансаў у бюджэт раёна".
Санаторна-курортны комплекс "Пліса" - прыклад таго, як трэба спалучаць сучаснае лячэнне і аздараўленне з унікальнай прыродай Віцебскай вобласці. Такім меркаваннем падзяліўся старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.
"У нас у Віцебскай вобласці каля 2 тыс. азёр, але толькі невялікая іх частка выкарыстоўваецца для аздараўлення насельніцтва. Санаторый "Пліса" у Глыбоцкім раёне -гэта жывы прыклад таго, як можна ў спалучэнні з сучасным лячэннем і аздараўленнем выкарыстоўваць унікальную прыроду Віцебскай вобласці. Гэта цудоўны комплекс. Я думаю, што нічога раўназначнага ў рэспубліцы пакуль няма. Тут сабраны ўсе самыя лепшыя перадавыя тэхналогіі аздараўлення. Вельмі прыемна, што менавіта ў нас на Віцебскай зямлі створаны такі аб'ект", - адзначыў кіраўнік вобласці. Ён падкрэсліў, што аздараўленчы цэнтр важны для раёна яшчэ і тым, што тут створана каля 200 новых працоўных месцаў.
Алена Ціханава. Фота Аляксандра Хітрова. БелТА.