Азеляненне Наваполацка хвалявала гараджан, якія звярнуліся да Прэзідэнта ў межах «Вялікай размовы з Прэзідэнтам».
Варта адзначыць, што большасць зваротаў – пытанні мясцовага значэння. Да іх адносіцца і пытанне азелянення Наваполацка, у якім з-за шкодных выкідаў у атмасферу нафтахімічнымі прадпрыемствамі паказчык забруджвання паветра адзін з самых высокіх у Беларусі.
Як расказаў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наваполацкага гарвыканкама Сяргей Шамрыла, нядаўна зацверджана «Канцэпцыя па азеляненні гарадскіх тэрыторый». Яе распрацоўкай займаліся спецыялісты аддзелаў гарвыканкама – жыллёва-камунальнай гаспадаркі, па адукацыі, гандлі і паслугах – з прыцягненнем прадстаўнікоў спецаўтабазы, ЖРЭА, архітэктурна-вытворчага бюро.
Мэта працы – эстэтызацыя жылой зоны і тэрыторый, прылеглых да прадпрыемстваў і арганізацый усіх форм уласнасці. Яна будзе ажыццяўляцца з удзелам грамадскасці і працоўных калектываў.
Кансалідацыя намаганняў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні гарадскіх тэрыторый звязана з прынцыпамі комплекснага будаўніцтва і пастаяннай клопатам адміністрацыі горада аб «зялёных лёгкіх» Наваполацка.
Найважнейшая роля ў гэтай працы адводзіцца ўчастку зялёнага будаўніцтва спецаўтабазы, які непасрэдна займаецца кветкавым афармленнем вуліц, стварэннем садова-паркавых кампазіцый у месцах масавага адпачынку, доглядам за насаджэннямі.
Толькі за 2018 год азеляніцелямі высаджана каля 300 тысяч кветак, 1800 кустоў, больш за 1500 дрэў. Прадпрыемства актыўна дапамагае суб'ектам гаспадарання ў добраўпарадкаванні замацаваных за імі тэрыторый, падтрымлівае акцыі экалагічнай і прыродаахоўнай накіраванасці.
Яркі прыклад такога супрацоўніцтва – закладка «Парку сямейных дрэў» каля гасцініцы «Нафтан» у рамках маладзёжнага рэспубліканскага праекта, падтрыманага кіраўніцтвам Мінпрыроды.
Азеляненне прыдамавых тэрыторый – сфера адказнасці НКУП «ЖРЭА». У веданні гэтай арганізацыі больш за 12 тысяч дрэў і звыш 3600 кустоў. Сістэматычна ажыццяўляецца догляд за зялёным убраннем, выдаляюцца інвазіўныя расліны. Сур'ёзнай матывацыяй у справе добраўпарадкавання гарадскога асяроддзя з'яўляюцца штогадовыя агляды-конкурсы сярод ЖЭС на званне «Лепшы двор».
Наваполацк мае багатыя традыцыі ў сферы добраўпарадкавання. Першапачаткова комплексная забудова мікрараёнаў прадугледжвала захаванне зялёных астраўкоў у межах горада, лесааднаўленчыя работы. Паркавы масіў у пойме Заходняй Дзвіны, найбуйнейшы ў Віцебскай вобласці, быў высаджаны рукамі першабудаўнікоў. Сучасныя праекты таксама ўключаюць мерапрыемствы па азеляненні, што дапамагае зрабіць нафтаград прывабным і камфортным для жыцця.