Ажыўленне пабрацімскіх сувязяў дазволіць актывізаваць супрацоўніцтва Беларусі і Балгарыі - З.Радукоў

25 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ажыўленне пабрацімскіх сувязяў паміж гарадамі і рэгіёнамі дазволіць актывізаваць супрацоўніцтва Беларусі і Балгарыі. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Балгарыя ў Беларусі Захары Радукоў падчас Міжнароднага інвестыцыйнага форуму ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Каб супрацьстаяць негатыўным наступствам сусветнага эканамічнага крызісу, неабходна задзейнічаць усе даступныя спосабы. Ажыўленне сувязяў паміж гарадамі і рэгіёнамі-пабрацімамі будзе спрыяць больш актыўнаму наладжванню адносін паміж гаспадарчымі сектарамі эканомік Беларусі і Балгарыі, супрацоўніцтву нашых дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў", - упэўнены дыпламат. Акрамя таго, след шукаць новыя нішы і кропкі сутыкнення, дзе магчыма рэалізаваць сумесныя праекты. У якасці станоўчага прыкладу Захары Радукоў прывёў Віцебскі лікёра-гарэлачны завод, які ў мінулым годзе ўпершыню выйшаў на рынак Балгарыі, а ў 2010-м збіраецца ўжо значна пашырыць тут сваю прысутнасць. "Нерэалізаваны патэнцыял для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва можна знайсці і ў многіх іншых сферах", - падкрэсліў пасол. Захары Радукоў таксама звярнуў увагу на тое, што беларуска-балгарскі таваразварот, які склаўся па выніках 2009 года, не задавальняе ні адзін з бакоў. "Ён можа быць значна большым", - заключыў дыпламат.-0-