Азнаўленчы прэс-тур латвійскіх журналістаў праходзіць у Віцебскай вобласці
Стан рэгіёнаў яскрава характарызуе сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне. Такое меркаванне выказаў беларускім журналістам карэспандэнт газеты "Латвіяс Авізэ" Андрыс Грынбергс падчас прэс-туру па Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цікава паглядзець, як і чым жывуць беларусы ў рэгіёнах. Гэта вельмі важны паказчык развіцця краіны. У нас вельмі насычаная і разнастайная праграма, якая ўключае знаёмства і з культурай, і з эканомікай. Асаблівую цікавасць уяўляе сельская гаспадарка. І для Беларусі, і для Латвіі гэты сектар з'яўляецца ключавым, таму цікава параўнаць, што ў нас агульнага і чым мы адрозніваемся", - падзяліўся планамі журналіст. Ён таксама падкрэсліў, што добра ведае беларускую сельскагаспадарчую тэхніку, таму што яна атрымлівае добрыя водгукі латвійскіх аграрыяў.
Андрыс Грынбергс - рэгіянальны карэспандэнт адной з самых масавых латвійскіх газет. Ён ужо 50 гадоў у журналістыцы, але ў межах прэс-туру наведвае Беларусь упершыню. "Да гэтага быў у Мінску адзін раз у 70-х гадах. Прэс-тур толькі пачынаецца, але ўжо цяпер зразумела, што ўражанні будуць вельмі розныя. 40 гадоў таму Беларусь мне запомнілася шэрай і нецікавай. Сучасны Віцебск сустрэў нас яркімі фарбамі, гэта ўтульны, дагледжаны горад, які мае свой твар", - адзначыў Андрыс Грынбергс.
Журналіст падкрэсліў, што ў праграме знаходжання ў Віцебску для яго асаблівую цікавасць выклікае наведванне магілы маці Яніса Райніса. "Яніс Райніс - вялікі латвійскі паэт. Пабываць на магіле яго маці для мяне вельмі важна. Я таксама пішу вершы (выйшла ўжо тры кнігі паэзіі) і ўжо шмат гадоў прымаю ўдзел у літаратурных святах імя Яніса Райніса", - сказаў журналіст.
Прэс-тур латвійскіх журналістаў разлічаны на тры дні. У Віцебску прадстаўнікі 10 СМІ суседняя краіны наведалі сустрэчу ў гарвыканкаме, ААТ "Віцебскі мясакамбінат", для іх была арганізавана аглядная экскурсія і знаёмства з гістарычнай часткай горада. 20 і 21 чэрвеня замежныя журналісты наведаюць Полацк, Наваполацк і Браслаў.