Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян Беларусі і Украіны
2 красавіка, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Беларуска-украінскае міжурадавае пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян ратыфікавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёння на першым пасяджэнні вясенняй сесіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Намеснік міністра замежных спраў Валерый Варанецкі паведаміў на пасяджэнні, што міжурадавае пагадненне прадугледжвае магчымасць знаходжання грамадзян адной дзяржавы на тэрыторыі іншай без рэгістрацыі на працягу 30 дзён. Дакумент таксама прадугледжвае парытэтныя ўмовы вызвалення грамадзян дзвюх дзяржаў ад рэгістрацыі ў кампетэнтных органах па месцы іх знаходжання пры наяўнасці міграцыйнай карты.
Акрамя таго, пагадненне захоўвае бязвізавы рэжым паездак для ўсіх катэгорый грамадзян Беларусі і Украіны. Адначасова агавораны парадак паездак непаўналетніх дзяцей, а таксама працэдура вяртання на тэрыторыю роднай дзяржавы для тых, хто страціў праязныя дакументы.
Тэкст дакумента змяшчае палажэнне аб тэрміне знаходжання грамадзян на тэрыторыі дзяржавы бакоў да 180 дзён на працягу года (90 дзён на працягу паўгода) з даты першага ўезду.
Ратыфікацыя пагаднення дазволіць аптымізаваць парадак паездак грамадзян дзвюх краін, будзе спрыяць развіццю турызму і дзелавых сувязяў, лічыць намеснік міністра. Ён дадаў, што ўкраінскі бок ужо выканаў унутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для ўступлення ў сілу міжурадавага пагаднення з Беларуссю аб бязвізавых паездках грамадзян.-0-