У Віцебску ўшанавалі памяць загінулых у Афганістане

Память погибших в Афганистане почтили в Витебске
Сёння ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і ў 29-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана адбыліся цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да помніка "Боль", прайшоў мітынг з удзелам абласных і гарадскіх уладаў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, членаў сем'яў загінуўшых, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, моладзі.





Да прысутных звярнуўся старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. Ён падкрэсліў, што з гадамі ўсё больш ясным становіцца веліч подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў. Праз афганскую вайну прайшлі больш за 620 тыс. савецкіх ваеннаслужачых, з іх 32 тыс. - беларусы. "160 найдастойнейшых сыноў Прыдзвінскага краю аддалі свае жыцці, выконваючы воінскі і інтэрнацыянальны доўг. Двое ўраджэнцаў вобласці - Васіль Піменаў і Васіль Шчарбакоў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Падзеі тых гадоў не сатрэ ні гады, ні адлегласці", - перакананы кіраўнік вобласці. Ён адзначыў, што цяпер у рэгіёне жыве каля 5 тыс. воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гэта людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія пастаянна ўдзельнічаюць у грамадска значных падзеях. Дзейнасць арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў накіравана на сацыяльную абарону і дапамогу салдатам і афіцэрам, якія вярнуліся з зон лакальных узброеных канфліктаў, падтрымку іх сем'яў.

Мікалай Шарстнёў распавёў, што заўтра ў Віцебску стартуе аўтапрабег, прысвечаны 100-годдзю Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы Пятра Міронавіча Машэрава. Гэта мерапрыемства ініцыявана і арганізавана ветэранамі вайны ў Афганістане ў садружнасці з прадстаўнікамі іншых грамадскіх аб'яднанняў. Плануецца, што ўдзельнікі аўтапрабегу правядуць мітынгі, сустрэчы з мясцовым насельніцтвам, ветэранамі вайны і моладдзю, наведаюць мемарыяльныя комплексы.

Кіраўнік вобласці адзначыў, што пры падтрымцы органаў мясцовай улады практычна ва ўсіх гарадах і раёнах вобласці

устаноўлены мемарыяльныя знакі ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане. "Мы высока цэнім ваш вопыт і ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі ў духу самаадданага служэння Айчыне. Адным з прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы з'яўляецца падтрымка інвалідаў і ветэранаў баявых дзеянняў, членаў сем'яў загінуўшых ваеннаслужачых. Штогод праз Віцебскі цэнтр рэабілітацыі праходзяць курс аздараўлення каля 600 чалавек. Мы і далей будзем аказваць усебаковую дапамогу воінам-інтэрнацыяналістам і іх сем'ям", - заве́рыў Мікалай Шарстнёў. 

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'ян Мацкевіч, размаўляючы з журналістамі перад пачаткам мітынгу, адзначыў, што штогод 15 лютага да помніка "Боль" у Віцебску прыходзіць вялікая колькасць людзей. "Ветэраны баявых дзеянняў у Афганістане ідуць сюды па клічы сэрца і душы, каб аддаць даніну памяці сваім сябрам, з якімі яны разам ваявалі і якія загінулі на іх вачах", - сказаў ён.

Валяр'ян Мацкевіч падкрэсліў, што ў вобласці вядзецца вялікая праца па ўвекавечанні памяці землякоў. "На школах, дзе вучыліся загінулыя ў Афганістане воіны-інтэрнацыяналісты, усталёўваюцца мемарыяльныя дошкі і ствараюцца музейныя куткі. У некаторых школах арганізаваны музеі, якія прысвечаны баявому шляху землякоў, што прайшлі дарогамі вайны ў Афганістане", - сказаў ён.

Помнік воінам-інтэрнацыяналістам "Боль" віцебскага скульптара Івана Казака урачыста адкрыты ў абласным цэнтры 2 жніўня 1997 года. Манумент сімвалізуе памяць аб 160 ураджэнцах рэгіёну, якія загінулі на афганскай зямлі пры выкананні воінскага абавязку. Сёння ўсіх іх успомнілі паімённа, ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання. У гонар салдат той вайны гучалі песні. У фінале памятнага мерапрыемства ў неба над Віцебскам узляцелі белыя паветраныя шары.

БЕЛТА.