Памяць ахвяр фашызму ўшанавалі ў мемарыяльным комплексе "Шунеўка" Докшыцкага раёна
22 сакавіка 1943 года беларуская вёска Хатынь была спалена разам з жыхарамі. Яна стала сімвалам трагедыі ўсяго народа і адначасова сведчаннем звярстваў нямецкіх акупантаў, якія прыйшлі на нашу зямлю. Роўна праз два месяцы ворагі падчас карнай аперацыі «Котбус» спалілі вёску Шунеўка. Трагічны лёс зродніў гэтыя дзве вёскі.
Па словах малодшага навуковага супрацоўніка Бегамльскага музея народнай славы Алы Каралевіч, 15 мая 1943 года Шунеўка 5 разоў на працягу сутак падчас баёў пераходзіла з рук у рукі. У выніку перамогу атрымалі партызаны. Але 22 мая 1943 года на досвітку нямецка-фашысцкія захопнікі зноў прыйшлі ў вёску. Усіх дарослых сагналі ў хлеў і спалілі жыўцом. Малышоў ва ўзросце ад 1 года да 7 гадоў жывымі кінулі ў студню, туды ж паляцелі гранаты. Загінула вёска, памерла 66 чалавек.
– Зямля ў гэтым месцы і сёння выпраменьвае слёзы і боль, – адзначыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пянін. – Гэты помнік з'яўляецца сімвалам мужнасці, стойкасці, смутку нашага беларускага народа. Урокі Вялікай Айчыннай вайны не павінны быць забыты. Мы павінны зрабіць усё, каб наша моладзь, будучыя пакаленні памяталі пра гэта.
Дарэчы, за гады вайны на тэрыторыі Докшыцкага раёна было спалена 132 вёскі, тры з іх, у тым ліку Шунеўка, так і не былі адноўлены.
– Правядзенне памятных мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскай акцыі садзейнічае захаванню пераемнасці пакаленняў, служыць напамінам аб недапушчальнасці паўтарэння той страшнай трагедыі, – адзначыў у сваім выступленні старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Кавалёнак. – На жаль, з кожным годам станавіцца ўсё менш ветэранаў, хто прынёс нам Вялікую Перамогу, тых, каму давялося аднаўляць з руін разбураную народную гаспадарку, хто адбудоўваў вёскі.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянцін Іванавіч Якушэўскі звярнуўся да моладзі з просьбай-заклікам памятаць пра гераізм, мужнасць дзядоў і прадзедаў, пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
На мітынгу прысутнічалі ветэраны працы, прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, грамадскіх аб'яднанняў, удзельнікі маштабнага аўтапрабегу «Памяць жывая», які стартаваў у Наваполацку.