Помнік Аляксандру Ацясаву усталявалі ў Віцебскім раёне

Памятник Александру Атясову установили в Витебском районе
Кажуць, пра чалавека судзяць па ўчынках, але калі гэта добрыя і значныя справы, то чутка пра іх не сціхне нават пасля сыходу з жыцця. Да нашых землякоў, якія пакінулі след на Віцебшчыне, ставіцца былы старшыня абласнога Савета дэпутатаў – Аляксандр Ацясаў.



Амаль год таму ён сышоў з жыцця, але пра яго справы памятаюць, а некаторыя яго пачынанні і дагэтуль працягваюць рэалізоўвацца паслядоўнікамі і пераемнікамі.  

Таму невыпадкова на адкрыццё помніка ў вёсцы Баршчаўка Віцебскага раёна, адкуль родам бацькі Аляксандра Ягоравіча, з'ехала вялікая колькасць людзей. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, кіраўнікі гарадскіх і раённых выканкамаў, Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі адміністрацый Віцебска, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, паплечнікі па працоўнай і грамадскай дзейнасці, вяскоўцы.


Сімвалічна, што бюст устаноўлены на камені, знойдзеным у Віцебску – горадзе, у якім Аляксандр Ацясаў нарадзіўся, і, як сказала яго жонка, вельмі любіў, ніколі надоўга не пакідаў, заўсёды вяртаўся. Вяртаўся, каб нястомна працаваць на карысць роднага краю, рабіць яго прыгажэйшым і лепшым, дбаць пра камфорт і дабрабыт мясцовых жыхароў.  


– Аляксандр Ягоравіч шмат пакінуў пасля сябе. Не толькі дакладную сістэму працы мясцовых Саветаў дэпутатаў, добрую матэрыяльна-тэхнічную базу. Ён пакінуў памяць пра сябе ў залатых купалах Свята-Духава манастыра, Успенскага і Васкрэсенскага храмаў. Шмат у чым дзякуючы яго арганізатарскім здольнасцям, энтузіязму, каласальнай працаздольнасці ператварыліся Гарадок і Талачын, іншыя населеныя пункты вобласці, – сказаў Уладзімір Церанцьеў. – Тры месяцы таму я прыйшоў на пасаду, якую 16 гадоў займаў Аляксандр Ягоравіч. Мне вельмі лёгка працаваць, паколькідзякуючы яму выбудавана зладжаная сістэма, падабраны прафесійныя кадры. Тое, што ён пачынаў, будзе абавязкова працягнута і прымножана.

Наталля РЫЖКОВА, фота аўтара. «Віцебскія весці».