Помнік Аляксандру Неўскаму з'явіцца ў Віцебску
17 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб правядзенні конкурсу на стварэнне праекта помніка святому дабравернаму князю Аляксандру Неўскаму, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Уладзімір Церанцьеў.
Імя храбрага воіна і разважлівага палітыка Аляксандра Яраславіча звязана як з рускай, так і з беларускай гісторыяй. Вядучы палітыку па аб'яднанні сіл супраць шведска-нямецкай экспансіі, наўгародскі князь падтрымліваў цесныя кантакты з Полацкам. У 1239 годзе ён ажаніўся на полацкай княжне Параскевіі (Аляксандры) - дачцэ Брачыслава Полацкага. Па некаторых звестках, вянчанне маладых адбылося ў Віцебску ў Дабравешчанскай царкве. У Віцебску княжыў яго сын - Васіль. Аляксандр Неўскі - адзін з асабліва шануемых царквой святых князёў, таму арганізатарам конкурсу нароўні з Віцебскім гарвыканкамам выступіла Віцебская праваслаўная епархія.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца прафесійныя скульптары, архітэктары, мастакі. Канкунтам прапануецца не толькі мастацка ўвасобіць вобраз гістарычнага персанажа, але і прапанаваць месца, дзе будзе ўстаноўлены помнік. Конкурс будзе праводзіцца з 1 ліпеня па 1 снежня. Пераможцы і прызёры будуць аб'яўлены не пазней за 24 снежня. Пераможца атрымае права рэалізаваць свой праект, а таксама грашовую прэмію ў памеры Br3,5 млн. Аўтараў праектаў, якія заваявалі другую і трэцюю прэміі, чакаюць узнагароды ў памеры Br2 млн. і Br1,5 млн. адпаведна. -0-