Помнік Аляксандру Неўскаму ўсталююць у Віцебску

Памятник Александру Невскому установят в Витебске

Помнік князю Аляксандру Неўскаму будзе ўстаноўлены ў Віцебску ў бліжэйшыя два гады. Пра гэта паведаміў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін на пасяджэнні аблвыканкама, дзе ў тым ліку разглядаліся пытанні рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму на тэрыторыі Віцебскай вобласці.

Віцебскі мэр падкрэсліў, што для павелічэння турыстычнай прывабнасці горада неабходна выкананне некалькіх умоў, першая з якіх - наяўнасць цікавых з гэтага пункту гледжання аб'ектаў. "Працуем над аднаўленнем гісторыка-культурнай спадчыны - сапраўдным упрыгожаннем горада сталі адноўленыя Успенскі сабор і Васкрэсенская царква. У мінулым годзе ўстаноўлены помнік заснавальніку віцебскіх замкаў - князю Альгерду. Вядуцца работы па ўзвядзенні помніка палкаводцу князю Аляксандру Неўскаму. Калі не ў гэтым, то ў наступным годзе помнік абавязкова з'явіцца ў Віцебску і стане яшчэ адной турыстычнай славутасцю", - перакананы мэр Віцебска.

На просьбу карэспандэнта Віктар Мікалайкін растлумачыў пра месца размяшчэння монумента - помнік усталююць на пастаменце каля Дабравешчанскай царквы на беразе Дзвіны.

Старшыня гарвыканкама таксама адзначыў, што ў бягучым годзе павінны завяршыцца работы па рэканструкцыі будынка па вуліцы Праўды, дзе будзе створаны музей гісторыі народнага мастацкага вучылішча. Што ж тычыцца праекта па стварэнні цэлага комплексу, прысвечанага Марку Шагалу, на вуліцы Пакроўскай, то рэалізацыя праекта пакуль не пачата, паколькі няма інвестара, а сумы ўкладанняў значныя.

Працягваючы тэму турыстычнай прывабнасці, мэр адзначыў яшчэ два немалаважных фактары - сэрвіс (умовы размяшчэння, харчаванне і арганізацыя вольнага часу), а таксама рэклама (даступнасць і разнастайнасць інфармацыі пра горад і яго турыстычныя магчымасці). Праца па гэтых напрамках у горадзе таксама вядзецца, запэўніў Віктар Мікалайкін.

Алена Ціханава, БЕЛТА