Помнік дабраверным Пятру і Фяўронні адкрыецца ў авеянай рамантычнымі легендамі вёсцы Сар'я

5 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Помнік праведным Пятру і Фяўронні Мурамскім адкрыецца 8 ліпеня, у Дзень сям'і, любові і вернасці, у вёсцы Сар'я Верхнядзвінскага раёна, паведамілі карэспандэнту ў Полацкай і Глыбокскай епархіі.

Упершыню ў Беларусі будзе ўстаноўлены помнік пары, якую праваслаўныя лічаць заступнікамі сямейнага шчасця, сужэнскай любові і вернасці. Адкрыццё помніка стане адным з мерапрыемстваў свята, прысвечанага сям'і. Яго арганізатарам з'яўляюцца Полацкая і Глыбокская епархія і Верхнядзвінскі райвыканкам. Па задуме арганізатараў, ён закліканы прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў сям'і і шлюбу, паказаць унікальную ролю сям'і ў станаўленні асобы.

Разам з помнікам праведным сужэнцам у Сар'янскім храме Успення Прасвятой Багародзіцы з'явіцца абраз з часціцамі мошчаў святых праведных князёў Пятра і Фяўронні Мурамскіх. Яго напісалі ў іканапісных майстэрнях Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, а мошчы святых даставілі з Мурама. Завершыцца Дзень сям'і інфармацыйна-асветніцкай канферэнцыяй "Святыя Пётр і Фяўроння: наша сапраўдная любоў".

Варта адзначыць, што вёска Сар'я не выпадкова стала месцам правядзення свята сям'і. У пачатку XIX стагоддзя мясцовы памешчык Ігнат Лапацінскі ў памяць аб сваёй рана памерлай каханай жонцы Марыі пабудаваў найпрыгажэйшы храм у неагатычным стылі, які праз дзесяцігоддзі стаў храмам Успення Прасвятой Багародзіцы.

Епархія і Верхнядзвінскі райвыканкам маюць намер зрабіць святкаванне Дня сям'і, любові і вернасці традыцыйным. Ужо да наступнага года ў свята з'явяцца ўласная сімволіка, а таксама гімн, які будзе прысвечаны сям'і. Арганізатары плануюць аб'явіць конкурс на іх стварэнне.

8 ліпеня праваслаўная царква адзначае дзень памяці святых праведных князёў Пятра і Фяўронні Мурамскіх. Святыя мошчы сужэнцаў спачываюць у Свята-Троіцкім манастыры горада Мурома. Памаліцца ім прыходзяць бяздзетныя пары, у надзеі нараджэння дзіцяці, незамужнія дзяўчаты моляцца аб дараванні добрых і шчаслівых мужоў.-0-