Помнік-капліца героям Айчыннай вайны 1812 года будзе адкрыты ў Полацку

19 мая, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Помнік-капліца героям Айчыннай вайны 1812 года будзе адкрыты 21 мая ў Полацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Помнік героям вайны 1812 года, узведзены ў 1850 годзе, быў дэмантаваны ў пачатку 1930-х гадоў і адпраўлены на пераплаўку. Цяперашні праект - яго дакладная копія, створаная за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы. Рашэнне аднавіць помнік было прынята ў чэрвені 2006 года на трыццатай сесіі Парламенцкага сходу, якая праходзіла ў Полацку. Тады на месцы яго меркаванага аднаўлення быў закладзены памятны камень. У урачыстай цырымоніі адкрыцця помніка 21 мая возьмуць удзел намеснік старшыні Парламенцкага сходу, намеснік старшыні Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расіі Аляксандр Бабакоў і іншыя прадстаўнікі саюзнага парламента. -0-