Помнік-капліца героям Айчыннай вайны 1812 года адкрыты ў Полацку

21 мая, Полацк /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Помнік-капліца героям Айчыннай вайны 1812 года адноўлены і ўрачыста адкрыты сёння ў Полацку, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Аднаўленне і адкрыццё ў Полацку помніка героям Айчыннай вайны 1812 года з'яўляецца агульным святам для народаў Беларусі і Расіі. Гэта сведчанне таго, што мы не маем намеру перакрайваць нашу агульную гісторыю. Прыйшоў час не толькі аднаўляць помнікі, але і ўмацоўваць сувязі паміж нашымі народамі", - сказаў на цырымоніі намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, намеснік старшыні Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Аляксандр Бабакоў. Намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Сяргей Шухно зачытаў прывітальны адрас ад дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна. "Гэты помнік выхоўвае павагу да Беларусі і Расіі ў цяперашніх і будучых пакаленняў", - адзначаецца ў адрасе. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця помніка таксама прынялі ўдзел першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатко, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, прадстаўнікі саюзнага парламента, супрацоўнікі пасольства РФ у Беларусі. Помнік, узведзены ў 1850 годзе па праекце архітэктара Фіксена, быў дэмантаваны ў 1932 годзе. Такая ж доля напаткала яшчэ пяць дакладна такіх манументаў, устаноўленых у сярэдзіне XIX стагоддзя ў месцах найбольш значных бітваў з французамі. Да нашых дзён дайшоў толькі помнік-капліца ў Смаленску. Менавіта ён і архіўныя матэрыялы паслужылі асновай для стварэння дакладнай копіі твора Фіксена. Манумент уяўляе сабой піраміду, увянчаную купалам з пазалочаным крыжам. Вакол яе стаяць восем чыгунных калон з купаламі, на якіх сядзяць пазалочаныя арлы. Усё гэта стаіць на пастаменце цыліндрычнай формы. Вышыня помніка - каля 24 м, вага - 110 т. Рашэнне аднавіць помнік было прынятае ў чэрвені 2006 года на трыццатай сесіі Парламенцкага сходу, якая праходзіла ў Полацку. З бюджэту Саюзнай дзяржавы на гэтыя мэты было накіравана больш за 44 млн. расійскіх рублёў.-0-