Помнік фестывалю народнай музыкі адкрыюць у Паставах

Памятник фестивалю народной музыки откроется в Поставах

Помнік фестывалю народнай музыкі адкрыецца ў Паставах падчас правядзення XVI Міжнароднага фестывалю народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", які сёння пачынаецца ў Паставах. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Пастаўскім раённым выканаўчым камітэце.

У адкрыцці музычнага форуму прыме ўдзел Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча, беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", які стане галоўным упрыгожаннем музычна-тэатралізаванага прадстаўлення "Пастаўскі баль". Пасля завяршэння балю неба над Паставамі размалюе святочны феерверк, а завершыцца першы фестывальны дзень далёка за поўнач начной дыскатэкай.

Галоўная падзея фестывалю – конкурс калектываў і індывідуальных выканаўцаў на народных інструментах "Хто каго?" пройдзе ў Паставах 8 чэрвеня. У музычным спаборніцтве прымуць удзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Славакіі і Венесуэлы. У гэты ж дзень у Доме рамёстваў будзе адкрыта выстава работ беларускіх мастакоў, якія прымалі ўдзел у пленэры, прысвечаным 180-годдзю з дня нараджэння Альфрэда Ромера (беларускі, літоўскі і польскі мастак, скульптар, медальер, мастацтвазнавец і этнограф). У Доме культуры будзе арганізавана яшчэ адна экспазіцыя – выстава народных музычных інструментаў. А на цэнтральнай плошчы Пастаў "Горад майстроў" будзе суседнічаць з сельскімі падворкамі (удзельнікамі раённага агляду-конкурсу "Пастаўшчына гасцінная"). У фінале другога фестывальнага дня запланавана моладзевая праграма і начная дыскатэка.

Заключныя акорды XVI Міжнароднага фестывалю народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік" прагучаць у Паставах 9 чэрвеня. У праграме канцэрт класічнай музыкі, выступленне ваеннага духавога аркестра, тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў і гасцей форуму, урачыстае адкрыццё памятнага знака фестывалю народнай музыкі ў гарадскім парку і заключны гала-канцэрт.